Фота: nn.by
Фота: nn.by

Сёння адбылася сустрэча ў Мінгарвыканкаме наконт святкавання 25 сакавіка, на якой быў і я.

Вось топ-10 рашэнняў #БНР100:

1. На першую заяўку з шэсцем і мерапрыемствам на плошчы Свабоды была атрыманая адмова.

Пададзена новая заяўка на правядзенне мітынга і канцэрта каля Опернага тэатра 25 сакавіка

Адмова
Адмова

2. Прадстаўнікі Мінгарвыканкаму прапанавалі падаць новую заяўку ад юрыдычных асобаў з мерапрыемствам ля Опернага тэатру ў фармаце мітынга і святочнага канцэрта.

3. Да таго ж Мінгарвыканкамам прапанавана за кошт горада забяспечыць арганізацыйныя патрэбы: ахова, медыкі, біатуалеты, гукаўзмацняльнае абсталяванне. Прапанавана ўсталяванне шыльды на Валадарскага, 9 і памятнага знака ў гонар братоў Луцкевічаў у скверы Янкі Купалы.

4. Прадстаўнікі аргкамітэта вырашылі падаць новую заяўку і сёння падалі ад 5 палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і ўстаноў. У ёй гаворыцца аб правядзенні 25 сакавіка з 13.00 да 19.00 святочных мерапрыемстваў ля Опернага тэатру з выстаўленнем сцэны, шырокай культурнай праграмай, з арганізацыяй выязднога гандлю і пунктаў харчавання. Таксама пададзеныя ў новай заяўцы прапановы па ўсталёўцы памятных знакаў у гонар падзей 1918 года.

5. Гэтая заяўка пададзеная сёння ад 5 арганізацый у Мінгарвыканкам і прадстаўнікі горада паабяцалі цягам 5 дзён даць на яе станоўчы адказ, пасля якога пачнецца падрыхтоўка да мерапрыемства.

Падалі заяўку: ГА “БНФ“Адраджэнне”, ПАГА “Рух “За Свабоду”, Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Амарока”, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамады).

6. Асобна пададзеная яшчэ адна заяўка, у якой заяўнікі просяць разгледзець магчымасць атрымання дазволу на арганізаванае шэсце ў Мінску 25 сакавіка з 12.30 да 13.00 удзельнікаў заяўленага мерапрыемства ад помніка Янкі Купалы да месца правядзення асноўнага мерапрыемства на плошчы Парыжскай Камуны ля Опернага тэатру. Пазітыўнае рашэнне Мінгарвыканкаму па гэтаму пункту дазволіла б у гэты дзень правесці ўсе мерапрыемствы ў фармаце свята і не дапусціць развіцця падзей па непрадказальным сцэнары.

7. Таксама Мінгарвыканкам паведаміў, што 100% будзе арганізаваны праход праз турнікеты, без гэтага на мерапрыемства не пагодзіцца міліцыя ды і горад не зацікаўлены ў надзвычайных выпадках у межах масавага мерапрыемства.

8. Прадстаўнікі Мінгарвыканкама паведамілі, што на дазволеным мерапрыемстве не будзе забараняцца выкарыстанне нацыянальнай сімволікі. Можа быць абмежаванне толькі для банераў і расцяжак, якія нясуць інфармацыю, не датычную да свята.

9. Мы верым, што Мінгарвыканкам выканае свае абяцанні і дасць нам афіцыйны дазвол на наступным тыдні (аўторак-серада). Таму пачынаем падрыхтоўку асноўнага мерапрыемства. Прымаем вашыя парады, рэкамендацыі, прапановы на скрынку artsiadziba@gmail.com.

Таксама просім падтрымаць краўд-кампанію, усе сабраныя сродкі пойдуць на арганізацыю дазволеных мерапрыемстваў: https://www.talaka.org/bnr100

10. Ужо папярэдне дамоўлена з тэлеканалам «Белсат», што ён будзе весці прафесійную прамую трансляцыю святочнага мерапрыемства і пасля зробіць тэле-версію.

Давайце разам зробім усё, каб святкаванне 100-годдзе БНР прайшло мірна, яскрава, якасна, масава і пазітыўна.

Жыве Беларусь!