Фота з адкрытых крыніц

Вядомы беларускі актывіст Зміцер Дашкевіч выказаўся наконт рашэння аргкамітэта па святкаванні 100-годдзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Нагадаем, што прадстаўнікі апазіцыі вырашылі пагадзіцца з прапановай Менгарвыканкама святкаваць каля Опернага тэатра, але ўсё ж такі не адмаўляцца ад шэсця 25 сакавіка.

Пра аргкамітэт

“Для мяне было зразумела адразу, чым скончыцца кааліцыя, пра якую пісалі на першых старонках СМІ. На вялікі жаль, сыходзячы з досведу маіх назіранняў за гэтым (больш за 18 гадоў), можна было зразумець, што гэта ўсё скончыцца сваркамі, абвінавачваннямі, ў людзей будзе больш расчаравання, чым натхнення. <…> Частка так званых лідараў палітычнага руху могуць выехаць толькі на пене пад час разборак, калі ёсць радыкалізацыя пэўнага мерапрыемства, ёсць шмат інфармацыйных нагодаў. Выехаць на працы складана, прасцей – на інфармацыйнай пене. Яны кажуць, што будуць заклікаць на шэсце. Мы бачылі тыя шэсця, на якія тысячы людзей прыходзілі. На некаторых маршах дармаедаў было тры тысячы чалавек і ніводнага бел-чырвона-белага сцяга. Вось што азначае рыхтаванне да мерапрыемства. З іншага боку мы можам назіраць каманду маладых, таленавітых людзей, якія і Статкевічу прапаноўвалі дапамогу, і іншым палітыкам, людзей, якія за месяцы пачалі распрацоўваць і сайт, і лагатыпы, і розную прадукцыю і г.д.<…> Але як заўважыў Ягор Лаўрухін, многія палітыкі, як і вядомы гросмайстар (Астап Бэндер. – “НВ”), маюць толькі адзін ход: е2-е4. Яны яго робяць 20/25/30 гадоў. А далей – дошкай аб галаву.

Пра прапанову Менгарвыканкама

Прапанова па правядзенню свята – магчымасць нам разам сабрацца незалежна ад таго, хто любіць Статкевіча, альбо Рымашеўскага, альбо Дашкевіча, альбо Севярынца. Мы не пра любоў размаўляем, не дзяцей хрысцім, Мы хочам годна адзначыць вялікі дзень у гісторыі беларускага народа, які засведчыў, што беларусы, якія стагоддзямі змагаліся за незалежнасць, вартыя незалежнасці. Ці гэта канец свету, што рэжым якому дзясяткі год даказвалі, што БНР нешта азначае, пайшоў насустрач? Гэта перамога, а не кампраміс са злом. Перамога, калі ідэалагічныя супраціўнікі вымушаны нешта прапанаваць, таксама адзначаць свята.

Сіўчык заявіў, што на сайце ГБшнікі галасуюць за свята. Так я галасую за свята, я ГБшнік

А хто гэтыя людзі? Прывялі нейкую каманду падтрымкі, якая вырашае наш лёс. Сёння (27 лютага. – “НВ”) чытаем, што апарыш з кампартыі Лукашэнкі галасуе, вызначае лёс нашага свята. Гэта ганьбішча. Прывялі невядома каго туды, прыкрываюцца нейкімі прадстаўнікамі вулічных акцый. Гэта смешна. Сіўчык заявіў, што на сайце ГБшнікі галасуюць за свята. Так я галасую за свята, я ГБшнік. Я гадоў 10 таму хадзіў на гэтыя аргкамітэты, ужо тады немагчыма было слухаць многіх з іх. Кажуць, што некалькі лістовак распаўсюдзілі, таму не можам перанасіць месца. Разумееце? У ліфце сем налепак, і ўжо немагчыма пераносіць месца збору. Tut.by чытаюць кожны дзень 600 тысяч, у сацыяльных сетках сядзяць мільёны, але ж ў ліфце вісіць налепка, на якой напісана “плошча Якуба Коласа”. Во логіка якая. Сорамна. Самазакаханыя паўліны сядзяць і распавядаюць пра баявыя заслугі 25-гадовай даўніны. Дайце рабіць свята таму, зто можа, хоча, мае натхненне, розум. “Не. ГБшнікі. Без шэсця не трэба нам нічога”. Правядзіце марш маршрутчыкаў. Усе гарады паралізаваны адным указам Лукашэнкі. Выходзце за народ. Але калі гаворка ідзе пра свята, давайце правядзем свята.