Фото с сайта 116almet.ru

Рассельгаснагляд прыняў рашэнне перанесці на 6 сакавіка тэрмін увядзення забароны на пастаўкі малочнай прадукцыі з Беларусі, гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Раней забарону планавалася ўвесці 26 лютага. Гаворка ідзе пра пастаўкі пастэрызаваных, стэрылізаваных і ўльтрапастэрызаваных малака і вяршкоў налівам, сухіх, канцэнтраваных, кансерваваных і згушчаных малака і вяршкоў, сыроваткі малочнай наліўной, канцэнтраванай, сухой, канцэнтрату сыроватачна і малочнага бялку. Забарона ўводзіцца «ў сувязі з працягам паступлення небяспечнай малочнай прадукцыі з Беларусі».

«Рассельгаснагляд адначасова паведамляе, што партыі названых тавараў, якія паступілі на часовыя кантрольныя ветэрынарныя пункты, размешчаныя на расійска-беларускім участку мяжы пасля 18.00 6 сакавіка 2018 года, будуць вернутыя ў Беларусь», — гаворыцца ў паведамленні.

У Маскве прайшлі перамовы па ўрэгуляванні сітуацыі з забаронай на пастаўкі малака з Беларусі. Ад беларускага боку ў перамовах удзельнічалі намеснік прэм’ер-міністра Міхаіл Русы, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц, а таксама намеснік міністра, галоўны дзяржаўны ветэрынарны ўрач — галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Іван Смільгінь, паведамілі БелаПАН у Мінсельгасхарчы. Інфармацыі пра вынікі перамоў пакуль няма.

23 лютага член калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Сяргей Сідорскі заявіў, што абмежаванні на пастаўкі беларускага малака ў Расію груба парушаюць палажэнне савета ЕЭК аб адзіным парадку правядзення сумесных праверак аб’ектаў і адбору проб тавараў (прадукцыі), якія падлягаюць ветэрынарнаму кантролю, ад 9 кастрычнiка 2014 года. Згодна з гэтым палажэннем абмежаванне паставак прадукцыі дапускаецца выключна пры пагаршэнні эпізаатычнай сітуацыі па асабліва небяспечных і каранцінных хваробах, агульных для чалавека і жывёл.

«Цяпер такіх падстаў няма. Таму ў Рассельгаснагляду няма падстаў для ўвядзення абмежаванняў на ўвоз прадукцыі з тэрыторыі ўсёй краіны», — заявіў Сідорскі. «Ніхто не мае права ігнараваць рашэнне савета камісіі», — дадаў ён і заклікаў Расію не ўводзіць забарону на пастаўкі з Беларусі да ўрэгулявання сітуацыі.

Напярэдадні перамоў у Маскве Рассельгаснагляд размясціў паведамленне, у якім патлумачыў свае прэтэнзіі да Беларусі.

«На працягу апошніх 13,5 года Рассельгаснагляд праводзіць каласальную па сваіх маштабах працу па абароне расійскага рынку ад небяспечнай, няякаснай і незаконна ўвезенай прадукцыі жывёльнага і расліннага паходжання. Часта такая праца прыводзіць да неабходнасці ўвядзення строгіх мер кантролю аж да ўвядзення забаронаў і абмежаванняў», — гаворыцца ў паведамленні.

«На жаль, з прычыны аб’ектыўных прычын пад такія меры нярэдка трапляюць беларускія прадпрыемствы-пастаўшчыкі, што выклікае пэўныя сумневы наконт эфектыўнасці функцыянавання сістэмы дзяржаўнага ветэрынарнага і фітасанітарнага нагляду саюзнай дзяржавы. Акрамя экспарту з Рэспублікі Беларусь у Расію небяспечнай у ветэрынарна-санітарным дачыненні малочнай сыравіны, на пастаўкі якой Рассельгаснагляд быў вымушаны ўвесці часовыя абмежаванні, не менш востра да гэтага часу стаяць і іншыя пытанні», — адзначае расійскае ведамства.

Рассельгаснагляд таксама ўказвае на незаконны рээкспарт санкцыйнай прадукцыі, у прыватнасці плодаагародніннай прадукцыі, якая нібыта адбываецца з азіяцкіх і афрыканскіх краін. «У Рассельгаснагляду ёсць усе падставы меркаваць, што плодаагароднінная прадукцыя, якая ўвозіцца праз Рэспубліку Беларусь пад выглядам паходжання гэтых краін, на самай справе была вырашчаная ў ЕС», — адзначаецца ў паведамленні.

Так, праведзеная на пачатку лютага праверка прадпрыемстваў — вытворцаў свежых яблыкаў у Беларусі, якія ажыццяўлялі пастаўкі на тэрыторыю Расіі ў снежні 2017 — лютым 2018 года, паказала, што ў сховішчах 31 гаспадарчага суб’екта «яблыкі ў прынцыпе адсутнічаюць», сцвярджае Рассельгаснагляд.

«Між тым гэтыя факты не выклікалі такую рэзка негатыўную рэакцыю асобных кіраўнікоў ЕЭК, як інфармацыя аб вымушаным рашэнні Рассельгаснагляду аб увядзенні часовых абмежаванняў на пастаўкі ў Расію малака і некаторых відаў малочнай сыравіны, якая была шырока растыражаваная ў СМІ. Гэту пазіцыю Рассельгаснагляд ацэньвае як зразумелую і лагічную», — заяўляюць у расійскім ведамстве.