Станіслаў Шушкевіч і Пятро Парашэнка

Былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі Станіслаў Шушкевіч распавёў “Народнай Волі” пра сустрэчу з украінскім прэзідэнтам.

Днямі ў Кіеве праходзіў саміт Балта-Чарнаморскага рэгіёну. Станіслаў Шушкевіч прадстаўляў на ім Беларусь.

— Cабраліся былыя кіраўнікі дзяржаў рэгіёна, — кажа Станіслаў Станіслававіч. — Сярод іншых мерапрыемстваў была запланавана і сустрэча з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам. І мне, шчыра кажучы, было вельмі прыемна з ім пазнаёміцца асабіста. Раней я прысутнічаў на яго выступленнях у Варшаве, Вільнюсе альбо Бруселі, але тут адбылася размова з вока на вока.

— Дзе адбывалася сустрэча?

— У вядомым Доме з хімерамі, што знаходзіцца побач з Адміністрацыяй прэзідэнта Ураіны. Дарэчы, Парашэнка прыйшоў туды пехатой і нават без паліто, хаця на вуліцы было даволі холадна. З ім быў толькі адзін целаахоўнік.

—  Якое ўражанне пакінуў кіраўнік Украіны?
— Найперш хачу сказаць, што гэта — вельмі высокаадукаваны чалавек. Ведаю, што ён раней быў рускамоўным, але зараз з’яўляецца гарачым прыхільнікам украінскай мовы. Пазней, як вядома, стаў доларавым мільярдэрам…

І мне спадабалася, як Парашэнка падчас сустрэчы распавядаў пра тое, што адбываецца ва Украіне. Ён вельмі добра разумее сітуацыю.

— А асабіста да вас у украінскага прэзідэнта былі пытанні?

— Мне ён задаў толькі адно пытанне, і яно прагучала так: “Як вы ставіцеся да таго, што я сустракаўся з прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам?” Я сказаў, што стаўлюся да гэтага нармальна. Маўляў, калі хочаш падтрымліваць стасункі з суседняй дзяржавай, то справу трэба мець з той уладай, якая сёння рэальна існуе. Вось і ўвесь наш дыялог.