Урад БНР, 1918 год. Язэп Варонка сядзіць другі справа.

Беларускі сацыяліст Язэп Варонка быў у цэнтры падзей 1918 года, дзякуючы якім беларусы аднавілі сваю дзяржаўнасць.

Сябар Цэнтральнага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады, Варонка ўваходзіў у Вялікую беларускую раду, а пасля стаў старшынём урада, які называўся тады Народны Сакратарыят, і міністрам замежных спраў Беларускай Народнай Рэспублікі. Калі Расія і Польшча ўрэшце падзялілі Беларусь між сабой, Варонка выехаў у ЗША. Ад 1923 года ён жыў у Чыкага.

Было вядома, што першы старшыня Народнага Сакратарыята Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Варонка пахаваны на праваслаўных могілках у Чыкага, але дзе канкрэтна — ніхто не ведаў. І вось навіна: Варонкава магіла знойдзена.

А яшчэ праз суткі, дзякуючы дапамозе грэка-каталіцкага святара ў Злучаных Штатах а. Ігара Лабацэвіча, я па электроннай пошце звязаўся з іншым каталіцкім святаром — а. Аляксандрам Аўдзеюком, які раней служыў у Менску ў візантыйскім абрадзе, а цяпер служыць у Амерыцы ў абрадзе лацінскім.

Айцец Аляксандр Аўдзяюк, які знайшоў магілу Язэпа Варонкі і ягонай жонкі Марыі, паведамляе, што могілкі, дзе пахаваныя сужэнцы Варонкі, маюць назву Элмвуд. Поўная іх назва на англійскай мове — Elmwood Cemetery and Mausoleum. Знаходзяцца яны ў Рывэр Гроўв (River Grove). Гэта прыгарад Чыкага. У большасці там пахаваныя праваслаўныя — грэкі і славяне.

Знойдзеная магіла кіраўніка ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Варонкі
Фота: Наша Ніва

Магілу Язэпа Варонкі а. Аляксандр знайшоў у верасні 2017 г. Святар пабываў таксама на каталіцкіх могілках Святога Адальберта (St Adalbert Cemetery). Яны знаходзяцца ў іншым прадмесці Чыкага — Найлс (Niles). Там

святар лакалізаваў магілы Будзькаў (аднаго з піянераў беларускага руху ХХ ст. Эдварда Будзькі і яго родных), педагога і вайсковага дзеяча Міколы Дзямідава («па кудзелі» быў родзічам Кастуся Каліноўскага), кампазітара Міколы Куліковіча, Пануцэвічаў (гісторыка Вацлава Пануцэвіча і яго родных). На могілках Св. Адальберта пахаваны таксама сябар Рады БНР, яе дыпламат Янка Чарапук (Змагар), шматгадовы паплечнік Язэпа Варонкі і адзін з арганізатараў беларускай дыяспары ў ЗША у міжваенны перыяд і пасля Другой сусветнай вайны.

Знойдзеная магіла кіраўніка ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Варонкі

Знойдзеная магіла кіраўніка ўрада Беларускай Народнай Рэспублікі Язэпа Варонкі

Айцец Аляксандр Аўдзяюк прыслаў мне свае фотаздымкі магілаў Язэпа і Марыі Варонкаў, якія я прапаную рэдакцыі. Гэтыя здымкі наводзяць на роздум.

Добра, што магілы Язэпа Варонкі ды іншых нашых дзеячаў знойдзеныя, і а. Аляксандру належыць за гэта падзяка. Нядобра, што кіраўнік першага ўрада Беларусі і яго жонка ляжаць пад сціплымі плітамі з іншамоўнымі надпісамі. Беларускае грамадства (як на Бацькаўшчыне, так і ў дыяспары) магло б сабраць сродкі на гожыя (не пампезныя) помнікі першаму прэм’ер-міністру Беларусі, чый подпіс стаіць пад Устаўнымі Граматамі Беларускай Народнай Рэспублікі, і ягонай жонцы.