Андрэй Мельнікаў
Андрэй Мельнікаў

25 лютага Гродна наведаў легендарны бард Андрэй Мельнікаў” з праграмай “Каханне і Айчына”, якую прадставіў у этнакраме “Цудоўня”. Мельнікаў паходзіць з Рагачоўшчыны, вядомы як стваральнік фестывалю “Талькаўскі фэст” і аўтар шэрагу біяграфій беларускіх культурніцкіх дзеячоў. Андрэй Мельнікаў не толькі заспяваў песні, але і распавёў пра сваё жыццё ды лёс беларускіх паэтаў.

Так, пра Наталлю Арсенневу Андрэй Мельнікаў адзначыў, што яна прыйшла да Беларусі праз каханне і, у адрозненне ад іншых беларускіх паэтаў, у яе замест “зямелькі” шмат “неба”. Узгадаў як у Яраслаўлі, дзе жыў Максім Багдановіч, грамадская супольнасць адстаяла яго старую хату. І цяпер гэта музей слыннага беларускага паэта ў Расіі. Пра тое, што Марк Шагал – гэта не толькі мастак, але і паэт, верны ўсё жыццё адной каханай і аднаму гораду. Пра ўзаемаадносіны Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна. Пра цяжкія выпрабаванні Анатоля Сыса, для якога Мінск стаў своеасаблівымі “Курапатамі”.

Выказаўся Андрэй Мельнікаў і пра стаўленне асобных людзей, якія намагаліся быць адзінымі лідарамі і ў выніку гэта загубіла беларускае Адраджэнне напачатку 1990-х: “Афіцэры і генералы ўжо ёсць. Трэба набіраць каго папрасцей ці тых, хто не будзе ні на што прэтэндаваць. Гатовы быць выканаўцам. Вось гэтая канцэпцыя ў значнай ступені пагубіла канцэпцыю Адраджэнцкага руху”.

Свае разважанні Андрэй Мельнікаў замацоўваў песнямі слынных беларускіх паэтаў ды ўласнага аўтарства, шэраг з якіх, прыкладу “Казкі”, ужо сталі на ўзроўні беларускага фальклору.