Иллюстрация с сайта goferma.ru
Иллюстрация с сайта goferma.ru

З 26 лютага беларускаму малаку запалена чырвонае святло на шляху да Расіі. Рассельгаснагляд патлумачыў забарону прэтэнзіямі да якасці прадукцыі — маўляў, занадта часта ў ёй знаходзяць забароненыя ды шкодныя рэчывы.

Калі ж Сяргей Сідорскі, былы прэм’ер Беларусі, які цяпер займае міністэрскую пасаду ў Еўразійскай эканамічнай камісіі, паспрабаваў заступіцца за нашу малочку, то Рассельгаснагляд вываліў цэлае бярэмя дадатковых прэтэнзій.

Паводле расійскага боку, беларускія партнёры мала таго што экспартуюць небяспечную ў ветэрынарна-санітарных адносінах малочную сыравіну, дык яшчэ і пруць кантрафактны сырны прадукт з Украіны ды Еўразвязу. Дзеля паўнаты карціны Рассельгаснагляд абвінаваціў беларусаў і ў незаконным рээкспарце плодаагародніннай санкцыйнай прадукцыі нібыта з Азіі ды Афрыкі, а насамрэч з Еўразвязу. Хаця пры чым яблыкі да малака?

У Мінску ж найперш ківаюць на інтрыгі расійскага малочнага лобі. Прычым заяўляюць пра гэта не толькі чыноўнікі і дзяржаўныя медыі, але і, напрыклад, эканаміст Яраслаў Раманчук. Некаторыя расійскія эксперты таксама бачаць у гэтым канфлікце двайное дно. Так, дырэктар Цэнтра вывучэння малочнага рынку Расіі Міхаіл Мішчанка завастрае ўвагу на тым, што беларускія прадукты таннейшыя, таму расійскія прадпрыемствы не могуць вытрымаць канкурэнцыю, на іх складах утварыліся завалы сухога малака.

Між тым на сайце расійскага “Саюзмалака” паведамляецца, што гэта структура “не валодае звесткамі і вынікамі даследаванняў, якія пацвярджалі б парушэнні з боку Беларусі”. Аналітыкі падкрэсліваюць таксама, што ва Украіны і Казахстана, куды таксама экспартуецца нямала беларускай малочкі, пытанняў да яе якасці няма. Няўжо там гатовы спажываць абы-што?

Карацей, версія пра лабізм расійскіх вытворцаў, асабліва з улікам таго, наколькі зашкальвае ў нашых усходніх суседзяў карупцыя, выглядае дастаткова імавернай. Дарэчы, калі бушавала малочная вайна 2009 года, то Аляксандр Лукашэнка ў эмацыйным запале выдаў таямніцу тагачасных закулісных цёрак з расійскім бокам: “Дайшло да таго, што малако не будзем у вас купляць, пакуль не аддасце малакаперапрацоўчыя заводы. І гэта на ўзроўні ўраду!..”

Бачыце: тады ўслых выказваліся адны прэтэнзіі, а за кулісамі гучалі зусім іншыя матывы. Дзе гарантыя, што цяпер іначай?

Разам з тым, варта разабрацца, чаму беларуская малочная прадукцыя таннейшая. Ці не таму, што ў нас дзяржава значна мацней субсідуе сельгасвытворцаў?

Іначай кажучы, у абедзьвюх краінах далёка да сапраўднага, здаровага рынку. У Расіі — алігархічны капіталізм з шалёнай карупцыяй, у Беларусі — рэшткі савецкага эканамічнага ладу з напампоўкай тых ці іншых галін казённымі грашыма.

Не дзіва, што пры такіх сістэмных эканамічных заганах інтэграцыя атрымліваецца крывая, між Мінскам і Масквой раз-пораз іскрыць, у ход ідзе пратэкцыянізм. І паколькі да нармальнага рынку шлях у партнёраў па еўразійскай інтэграцыі уга які далёкі, то саму гэту інтэграцыю доўга яшчэ будзе кілбасіць.

Дадамо, што для Масквы гэта ўвогуле звыклая зброя — перакрываць вентыль ці апускаць шлагбаум. Спачатку забаронім, а тады ўжо будзем дамаўляцца (з пазіцыі сілы, натуральна). Акурат сёння ў Маскве знаходзяцца беларускія ўрадавыя перамоўшчыкі ў малочным пытанні на чале з віцэ-прэм’ерам Міхаілам Русым (тым самым, што аднойчы не стрымаў эмоцыі ды назваў прэтэнзіі расійскіх чыноўнікаў да беларускага малака “эканамічным дэбілізмам”).

Не выключана, што ў нейкіх узорах беларускай прадукцыі сапраўды перавышаны дапушчальныя канцэнтрацыі шкодных рэчываў. Але ж нашто ставіць заслон усім вытворцам, ужываць своеасаблівы метад дывановага бамбавання замест таго, каб разбірацца прыцэльна з канкрэтнымі парушальнікамі?

Адзначым, што Мінск не мае магчымасці адказаць сіметрычна. Так што раўнапраўная інтэграцыя ў нас толькі на паперы, дэ-факта ж дзейнічае правіла з рускай байкі: “У сильного всегда бессильный виноват.

Звыш таго, на такога кшталту канфліктах ляжыць выразны адбітак канфрантацыі Крамля з Захадам, якой пасля Крыма канца-краю не бачна. Заўважце: прэтэнзіі да сыру, яблыкаў ды шэрагу іншых прадуктаў, што ідуць з Беларусі, тычацца не якасці, а “варожага” паходжання. Маўляў, вы толькі пераклейваеце ярлыкі, а насамрэч сляды вядуць — жах — ва Украіну ці дзяржавы Еўразвязу.

Рассельгаснагляд прыводзіць вынікі сваіх праверак, што засведчылі выпадкі такой фальсіфікацыі. Цалкам імаверна, што хтосьці і сапраўды шляхам рээкспарту грэе рукі на зацяжной санкцыйнай вайне між Масквой ды Еўропай. Але калі асэнсаваць сітуацыю ўвогуле, то мы бачым, што вялікадзяржаўная палітыка цяперашняга расійскага рэжыму (у дадатак да іншых чыннікаў) паставіла пад удар увесь амбітны праект еўразійскай інтэграцыі.

Бо паводле задумы ў межах ЕАЭС мусіць быць абсяг чатырох свабод — вольнага руху тавараў, паслуг, капіталаў ды працоўнай сілы. Іначай кажучы, ніякага шмону на беларуска-расійскай мяжы ўвогуле быць не павінна. Зразумела, за адзін дзень усе бар’еры не здымеш, але ж варта паслядоўна рухацца ў гэтым кірунку. У нашай жа сітуацыі ўсё наадварот. Між партнёрамі і так не было даверу, а супрацьстаянне з Захадам шматкроць узмацніла падазронасць з боку Масквы.

Таму на беларуска-расійскай мяжы ствараюцца ўсё новыя фільтры, узводзяцца ўсё новыя рэдуты рознага кшталту, працуюць тысячы розных правяральшчыкаў, кантрафакт (ці нібыта кантрафакт) трушчыцца бульдозерамі. Ахвярамі гэтай вакханаліі становяцца ў тым ліку і сумленныя вытворцы. Бо Масква, як бачым, схільная дзейнічаць паводле прынцыпу, што найлепшы сродак ад перхаці — гільятына, уводзячы татальныя забароны. Ці не таму, што, загнаўшы партнёра ў кут, лягчэй накідаць свае ўмовы, у тым ліку і палітычныя?

Нашай эканоміцы дапамагла б дыверсіфікацыя, і такая задача пастаўлена, але яе выкананню замінаюць брак рэформаў ды занадта моцная прывязка да Расіі як вынік шматгадовай гульні ў “братнюю інтэграцыю”. Так што рознага кшталту эканамічныя войны між Мінскам ды Масквой будуць успыхваць і надалей.