Фота: БЕЛТА

Беларус Ілля Івашка прабіўся ў паўфінал тэніснага турніру ATP у французскім Марсэлі. У ¼ фіналу Івашка, які мае 193 нумар у сусветным рэйтынгу, адолеў француза Нікаля Маю (100) — 4:6, 6:3, 7:5. За выхад у фінал беларус пазмагаецца з яшчэ адным французам — Люкой Пуілем (16).

Для Іллі Івашка гэта першы ў кар’еры выхад у паўфінал адзіночнага разраду на турнірах пад эгідай ATP. Дагэтуль нашы тэнісісты не паказвалі такіх вынікаў ажно 13 гадоў. У 2005 годзе Максім Мірны ў паўфінале спаборніцтваў у Нотынгеме абыграў бельгійца Аліўе Рохуса, але ў вырашальным паядынку саступіў французу Рышару Гаске.

Ілля Івашка прайшоў на спаборніцтвы ў Марсэлі праз кваліфікацыю, у якой перамог немца Оскара Отэ (137) і француза Кені Дэ Шыпера (163). Затым у першым раундзе асноўнага турніру беларус перамог серба Ласла Д’ерэ (98) і 13-ю ракетку свету, швейцарца Стэна Ваўрынку.