Фота: TUT.BY

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына восенню плануе ўзгадніць з Аляксандрам Лукашэнкам, якая будзе наступная выбарчая кампанія — прэзідэнцкая ці парламенцкая. Пра гэта яна паведаміла 23 лютага журналістам паводле вынікаў пасяджэння ЦВК.

Згодна са словамі Ярмошынай, адна з гэтых кампаній будзе праведзеная ў 2019 годзе.

«Цэнтральная камісія гатовая праводзіць любую з гэтых выбарчых кампаній», — сказала кіраўнік ЦВК.

Якая з іх пройдзе раней, «павінны вырашаць упаўнаважаныя на гэта дзяржаўныя органы», дадала яна.

Раней у інтэрв’ю БелаПАН Ярмошына паведаміла, што аптымальны тэрмін паміж прэзідэнцкай і парламенцкай кампаній — не менш як паўгода.

У адпаведнасці з заканадаўствам чарговыя прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за 30 жніўня 2020 года, выбары ў Палату прадстаўнікоў — не пазней за 10 верасня таго ж года.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначае Палата прадстаўнікоў, парламенцкія — прэзідэнт.

Ярмошына адзначыла таксама, што лічыць прынцыповым развесці кампаніі, бо іх сумяшчэнне можа «сапраўды дэстабілізаваць» становішча ў краіне. Такая сітуацыя, адзначыла яна, «разгойдвае палітычнае жыццё, абвастрае ўсе супярэчнасці, якія існуюць у грамадстве, — і палітычныя, і эканамічныя». Таму да сумяшчэння выбараў «трэба заўсёды ставіцца вельмі асцярожна», дадала яна.