Фото с сайта Abw.by

Беларусь працягне перамовы па цэнах на расійскі газ у канцы сакавіка, паведаміў віцэ-прэм’ер Беларусі Уладзімір Сямашка журналістам 23 лютага перад пачаткам калегіі Міністэрства прамысловасці.
Ён нагадаў, што раней былі падпісаныя пакеты дакументаў па цэнах на расійскі газ на 2017—2019 гады. «Што тычыцца 2020—2025 гадоў, калі плануецца стварыць адзіны рынак нафты і газу, то мы дамовіліся да канца мінулага года выйсці на нейкія рашэнні», — заявіў віцэ-прэм’ер.

«Мы ставім пытанне, што цана на мяжы павінна быць калі не роўнай, то блізкай да цаны для Смаленскай вобласці Расіі. Калі рынак агульны, то і цэны павінны быць роўнымі. Але пакуль гэтага няма», — сказаў ён.

Паводле слоў Сямашкі, да канца мінулага года бакам дамовіцца не ўдалося, цяпер перамовы не вядуцца ў сувязі з палітычнымі падзеямі ў Расіі (выбарамі прэзідэнта), але ў канцы сакавіка адновяцца. Пры гэтым ён заўважыў, што перамовы не перапыняліся, апошні раз яны з віцэ-прэм’ерам расійскага ўрада Аркадзем Дварковічам сустракаліся 7 лютага.

21 лютага міністр энергетыкі Беларусі Уладзімір Патупчык пасля выніковай калегіі ведамства ў Астраўцы (Гродзенская вобласць) паведаміў журналістам, што Мінэнерга нармальна ставіцца да прапановы Дварковіча адкласці перамовы аб формуле фармавання агульнага рынку газу і гатова на такі крок.

«Ідзе працэс, гэта няпростая праца. Па вялікім рахунку, у нас ёсць час. Мы вызначыліся з тым, якія будуць цэны на газ для Беларусі ў 2018—2019 гадах, у нас ёсць час для таго, каб вызначыцца і па перыядзе 2020—2025 гадоў да стварэння агульнага рынку газу. Тут няма ніякіх праблем або супярэчнасцяў, галоўнае, каб рашэнні былі прынятыя. Працэс не спыняецца, мы працягваем перамовы на высокім узроўні. У рамках гэтых перамоваў мы з кожнай сустрэчай становімся бліжэй у разуменні таго, як неабходна вырашаць гэтыя пытанні», — сказаў Патупчык.

«Так ці інакш, — дадаў ён, — мы будуем агульны электраэнергетычны рынак, агульны рынак газу. Мы ствараем умовы і перадумовы, каб суб’екты гаспадарання Беларусі маглі выходзіць на аптовы расійскі рынак і, наадварот, у рамках той праграмы, якую мы сёння рыхтуем».

Паводле слоў Патупчыка, у беларускай энергасістэмы ёсць «вельмі сур’ёзныя канкурэнтныя перавагі, таму што яна сёння вельмі эфектыўная». «Мы больш эфектыўныя за ўсе краіны ЕАЭС, таму мы з перспектывай глядзім на стварэнне агульных рынкаў газу. Прычым беларускі бок зацікаўлены ў тым, каб па часе гэтыя працэсы былі сінхранізаваныя, мы супраць развядзення іх такім чынам, як гэта выглядае цяпер. Але, рэагуючы на тую сітуацыю, якая ўзнікае, мы лічым, што да стварэння агульнага рынку газу забяспечыць поўнамаштабную працу агульнага электраэнергетычнага рынку на канкурэнтных умовах не ўяўляецца магчымым у сілу абставінаў», — дадаў Патупчык.