Фото с сайта Rsbanki.ru

Савет Еўрасаюза працягнуў яшчэ на год — да 28 лютага 2019 года — абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі.
«Гэтыя меры ўключаюць эмбарга на пастаўкі зброі, забарону на экспарт тавараў для ўнутраных рэпрэсій, а таксама замарожванне рахункаў і забарону на паездкі на тэрыторыю ЕС у дачыненні да чатырох чалавек, якія лічацца датычнымі да гвалтоўных знікненняў двух апазіцыйных палітыкаў, бізнесмена і журналіста ў 1999 і 2000 гадах», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Савета ЕС.

Пад санкцыямі застаюцца Уладзімір Навумаў (былы міністр унутраных спраў), Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта), Юрый Сівакоў (у канцы 1990-х гадоў, у перыяд знікнення апазіцыйных палітыкаў, займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзмітрый Паўлічэнка (камандзір брыгады спецназу ўнутраных войскаў МУС).

Пры гэтым Савет ЕС працягнуў выключэнне для экспарту ў Беларусь біятлоннага абсталявання — яго пастаўкі дазволеныя пры ўмове атрымання папярэдняга дазволу кампетэнтных нацыянальных органаў у кожным канкрэтным выпадку.

Як адзначаецца ў паведамленні, абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі былі ўпершыню ўведзеныя ў 2004 годзе ў сувязі са знікненнем апазіцыйных палітыкаў Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі, журналіста Дзмітрыя Завадскага і бізнесмена Аляксандра Красоўскага. Пазней Савет ЕС прыняў далейшыя абмежавальныя меры ў дачыненні да асоб, якія ўдзельнічалі ў парушэнні міжнародных выбарчых стандартаў і правоў чалавека ў краіне, а таксама ў барацьбе з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнай апазіцыяй.

Эмбарга на пастаўкі зброі было ўведзенае ў 2011 годзе. 15 лютага 2016-га Савет ЕС прыняў рашэнне зняць абмежавальныя меры супраць 170 фізічных асоб і чатырох кампаній пры захаванні эмбарга на пастаўкі зброі і санкцый у дачыненні да чатырох асоб.