Фота: pixabay.com

Рассельгаснагляд накіраваў ліст у Дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь. У ім выказваецца заклапочанасць наконт бяспекі малака і малочнай прадукцыі, якія паступаюць з Рэспублікі Беларусь, паведамляецца на сайце расійскага ведамства.

На сёння расійскі бок увёў разнастайныя санкцыі супраць 42 беларускіх прадпрыемстваў, якія пастаўляюць малочную прадукцыю ў Расію:

— часовыя абмежаванні з прычыны выяўлення забароненых і шкодных рэчываў — 9 прадпрыемстваў;

— рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю — 9 прадпрыемстваў;

— прыпыненне сертыфікацыі — 6 прадпрыемстваў;

— частковыя абмежаванні на асобныя віды прадукцыі малочнай прамысловасці — 18 прадпрыемстваў.

Таксама Рассельгаснагляд прыпыніў дзеянне 67 дэкларацый аб адпаведнасці на малочную прадукцыю беларускай вытворчасці.

Пры ўсім тым расійскі бок заяўляе, што з Беларусі ідзе ўсё больш малочнай прадукцыі, якая змяшчае рэшткі забароненых і шкодных рэчываў.

Напрыклад, у 2016 годзе было выяўлена 723 выпадкі парушэння ветэрынарна-санітарных нормаў у беларускіх пастаўках у Расію. Прычым 386 з іх былі выяўленыя ў малацэ і малочнай прадукцыі, 10 выпадкаў з гэтай колькасці — рэшткі забароненых і шкодных рэчываў (2,6 % ад усіх выяўленых парушэнняў у малочнай прадукцыі).

У 2017 годзе было выяўленая 596 выпадкаў такіх парушэнняў у беларускіх пастаўках. 376 з іх былі выяўленыя ў пастаўках малака і малочнай прадукцыі, а 210 выпадкаў з гэтай колькасці — гэта выяўленныя рэшткі забароненых і шкодных рэчываў (55,6 % ад усіх выпадкаў выяўленых парушэнняў у малацэ і малочнай прадукцыі).

У 2018 годзе Рассельгаснагляд ужо зафіксаваў 32 выпадкі парушэнняў ветэрынарна-санітарных нормаў у малацэ і малочнай прадукцыі. Прычым у 21 выпадку былі выяўленыя рэшткі забароненых і шкодных рэчываў (65,6% ад усіх выпадкаў выяўленняў ў малацэ і малочнай прадукцыі).

Таксама расійскія эксперты неаднаразова выяўлялі забароненыя і шкодныя рэчывы ў сухіх малочных прадуктах вытворчасці ААТ «Бабушкина крынка» (9 выпадкащ толькі за перыяд з 12 студзеня па 5 лютага 2018 года).

З улікам гэтага Рассельгаснагляд разглядае магчымасць прыняць больш эфектыўныя меры. У тым ліку ведамства можа ўвесці абмежаванні на асобныя віды малочнай прадукцыі з тых раёнаў і абласцей Беларусі, з якіх часцей за ўсё паступае небяспечная прадукцыя.