Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі плануе разабрацца з новымі прэтэнзіямі Рассельгаснагляду, паведаміў БелаПАН першы намеснік міністра Леанід Марыніч.

«Спецыялісты Мінсельгасхарча Беларусі плануюць разабрацца з новымі прэтэнзіямі Рассельгаснагляду, а таксама намерамі ўвесці часовыя абмежаванні на пастаўкі ў Расію малака і некаторых іншых відаў малочнай прадукцыі вытворчасці Рэспублікі Беларусь з 26 лютага. Прычым гэта будзе зроблена па кожным канкрэтным выпадку. Для чаго маюць намер у найбліжэйшы час правесці перамовы з расійскімі калегамі», — сказаў Марыніч.

Пад апошнія абмежаванні Рассельгаснагляду патрапілі: малако і вяршкі пастэрызаваныя, стэрылізаваныя і ўльтрапастэрызаваныя налівам; малако і вяршкі сухія, канцэнтраваныя, кансерваваныя і згушчаныя; сыроватка малочная наліўная, канцэнтраваная, сухая; канцэнтрат сыроватачнага і малочнага бялку.

Варта адзначыць, што 21 лютага Рассельгаснагляд паведаміў, што накіраваў ліст у дэпартамент ветэрынарнага і харчовага нагляду Мінсельгасхарча Беларусі «з заклапочанасцю аб сітуацыі, якая склалася з бяспекай малака і малочнай прадукцыі, што паступаюць з Рэспублікі Беларусь».

«На сённяшні дзень у нацыянальнай частцы Рэестра прадпрыемстваў Мытнага саюза Рэспублікі Беларусь зарэгістравана 113 прадпрыемстваў малочнай і малакаперапрацоўчай прамысловасці, у дачыненні да якіх уведзены шэраг мер: часовыя абмежаванні па прычыне выяўлення забароненых і шкодных рэчываў — 9 прадпрыемстваў; рэжым узмоцненага лабараторнага кантролю — 9 прадпрыемстваў; прыпыненне сертыфікацыі — 6 прадпрыемстваў; часткова дзейныя абмежаванні на асобныя віды прадукцыі малочнай прамысловасці — 18 прадпрыемстваў. Такім чынам, 42 прадпрыемствы цяпер знаходзяцца ў зоне павышанай увагі ў дачыненні да адпаведнасці да паказчыкаў бяспекі ЕАЭС прадукцыі, якая пастаўляецца імі на расійскі рынак. Акрамя вышэйпададзенага, Рассельгаснаглядам было прыпынена дзеянне 67 дэкларацый аб адпаведнасці на малочную прадукцыю вытворчасці Рэспублікі Беларусь», — адзначалася ў паведамленні расійскага ведамства.

Пры гэтым «абазначылася тэндэнцыя павелічэння паступлення ў Расійскую Федэрацыю малочнай прадукцыі, якая змяшчае рэшткі забароненых і шкодных рэчываў».

Паводле звестак Белстата, у 2017 годзе Беларусь паставіла ў Расію малака і вяршкоў згушчаных і сухіх на 371,4 млн долараў, што на 12,8% менш, чым у 2016 годзе, малочнай сыроваткі — на 55,7 млн (на 3,7% больш).