Выбары ў мясцовыя Cаветы дэпутатаў прайшлі. Адным з момантаў, якімі яны запомніліся, стала ўзгадка пра грамадскую кампанію Legalize Belarus на беларускім тэлебачанні, дзе ў адным сюжэце ўзгадалі “БНФ”, “Алеся Лагвінца” і “кампанію за легалізацыю лёгкіх наркотыкаў”.

Палітык Алесь Лагвінец патлумачыў, што яго кампанія “Дзея” да “Legalize Belarus” увогуле дачынення не мае: “Гэта не супольная кампанія «Дзеі», а часткі нашых актывістаў, з якімі мы праводзім іншыя супольныя кампаніі”.
Стала цікава, што за новая грамадская кампанія, якую так прапіярылі на БТ.

Грамадская кампанія Legalize Belarus паўстала ў жніўні 2017 года пасля паездкі яе будучых заснавальнікаў у Берлін. З таго часу і да канца году яны паспелі правесці 12 публічных мерапрыемстваў, а 2018-ы год сустрэла так званай «канаплянай калядой», за якую яе ўдзельнікі былі аштрафаваныя больш чым на 1400 рублёў.

Кампанія заяўляе пра сваю дзейнасць у трох накірунках:
– Грамадская адукацыя па пытаннях псіхаактыўных рэчываў;
– Прасоўванне ідэі рэфармавання артыкула 328 Крымінальнага кодэксу (а менавіта – адмена крымінальнага пакарання за захоўванне псіхаактыўных рэчываў для асабістага карыстання і ўвядзенне размежавання адказнасці);
– Псіхалагічная падтрымка асуджаных па артыкуле 328, іх сваякоў і сяброў.

Пра дзейнасць кампаніі “Народнай волі” распавёў адзін з яе лідараў Павел Маркелаў.

Раскажыце колькі словаў пра сябе, пра вашую грамадскую кампанію і яе ўдзельнікаў.

– Я – былы студэнт фізічнага факультэта БДУ, адзін з заснавальнікаў грамадскага руху “Дзея”. Нас аб’ядноўваюць мэты нашай кампаніі — гэта змяненне адносінаў грамадства і дзяржавы да спажыўцоў псіхаактыўных рэчываў. Большасць удзельнікаў Legalize Belarus — гэта моладзь, якая бачыць несправядлівасць у тым, што адбываецца з тысячамі людзей у нашай краіне і не баіцца пра гэта адкрыта гаварыць. Пачаткам ініцыятывы мы лічым наш візіт на Hanfparade (“Канапляны парад”) у Берлін у жніўні 2017 года. Большасць з нас была ў еўрапейскіх краінах і ўжывала марыхуану. Мы лічым, што гэта не такая шкодная рэч, якой яна ў’яўляецца ў масавай свядомасці. Гэта таксама паўплывала на тое, што мы вырашылі заняцца праблемай.

– Як ставяцца да Вашай ініцыятывы сябры, родныя, ды і проста людзі, якія вас ведаюць? Ці ёсць нейкая дыскрымінацыя на гэтай глебе?

– Большасць падтрымлівае тое, што я раблю, дае зваротную сувязь і выказвае прапановы. Мы гэта ўлічваем пры планаванні далейшай дзейнасці. Часта выказваюць засцярогі і хвалююцца, што да мяне могуць быць ужыты рэпрэсіі. Гэта цалкам верагодна, але я гатовы рызыкаваць, бо вар’яцтва, што адбываецца ў краіне, трэба спыніць. Калі казаць пра іншых гульцоў грамадзянскай супольнасці, тут сітуацыя больш складаная. З-за негатыўнага іміджу “наркотыкаў”, што існуе ў грамадстве, з намі не хочуць асацыявацца. Нам адмаўляюць у прадастаўленні памяшканняў для нашых мерапрыемстваў, некаторыя не хочуць з намі супрацоўнічаць нават па іншых пытаннях з-за кампаніі Legalize Belarus. Таму да тых, хто нам у той ці іншай ступені дапамагае, у мяне падвойная павага. Гэта людзі (ці арганізацыі), якія не баяцца адвярнуць ад сябе частку сваіх прыхільнікаў, бо гатовыя адстойваць свае каштоўнасці: вартасць чалавечай годнасці, свабоду і дэмакратыю.

– Ці збіраецеся працягваць сваю дзейнасць і якія маеце планы ў гэтым накірунку?

– Так, неўзабаве мы плануем запусціць краўдфандынг кампанію, каб прафінансаваць стварэнне дакументальнага фільму пра “вайну з наркотыкамі” ў Беларусі. Калі ў нас усё атрымаецца, гэта будзе добры прыклад іншым беларускім “палітычным” рухам: калі праблема сапраўды актуальная і хвалюе людзей, яны гатовыя далучацца і фінансаваць дзейнасць грамадскіх арганізацый па яе вырашэнні.

– Ці не лічыце, што дэкрыміналізацыя заканадаўства за ўжыванне наркотыкаў і легалізацыя лёгкіх наркотыкаў – гэта зусім розныя паняцці?

– Натуральна, розныя. Дэкрыміналізацыя азначае адмену крымінальнага пакарання; легалізацыя значыць стварэнне легальнага абароту. Гэта можа быць легалізацыя толькі для медыцынскага ці прамысловага выкарыстання. На сёння вельмі мала краін у свеце легалізавала марыхуану для рэкрэацыйнага спажывання. Стэрэатыпнае стаўленне да псіхаактыўных рэчываў — гэта не толькі беларуская праблема, яна актуальная ў сусветным маштабе. Але ў Беларусі яна стаіць асабліва востра.

– Колькі людзей асуджаны за наркотыкі, і якой колькасці з іх дапамагае Legalize Belarus?

– Афіцыйнай статыстыкі па колькасці асуджаных няма. Па нашых ацэнках, гэта 12-15 тысяч чалавек, каля траціны ад усіх зняволеных у Беларусі. Пакуль мы не дапамагаем індывідуальна асуджаным, але час ад часу праводзім “Талокі салідарнасці”, дзе дасылаем ім паштоўкі падтрымкі.

– А ці былі вы ў цэнтрах рэабілітацыі і ці ўвогуле сутыкаліся з людзьмі ў наркатычнай залежнасці?

– У цэнтрах рэбілітацыі не быў. На днях у нас будзе сустрэча з прадстаўнікамі “Пазітыўнага руху” — арганізацыі, якая займаецца падтрымкай і рэабілітацыяй людзей з залежніцкімі разладамі. Калі пад наркатычнай залежнасцю вы маеце на ўвазе залежнасць ад апіёідаў — то не, з такімі залежнымі я не сустракаўся. Калі маецца на ўвазе “залежнасць ад псіхаактыўных рэчываў”, то так, я сам залежны ад гарбаты. Палю. Ведаю мноства людзей, якія залежныя ад алкаголю. Улічваючы той факт, што Беларусь стабільна займае першыя месцы ў Еўропе па спажыванні алкаголю, пытанне гучыць дзіўнавата. У Беларусі вельмі шмат залежных ад алкаголю.

– Як вы адносіцеся да таго, што наркотыкі шкодзяць здароўю, а нехта на гэтым зарабляе?

– Як я ўжо казаў, існуе непаразуменне са словам “наркотыкі”. Пад “наркотыкамі” я разумею выключна наркатычныя апіёіды (гераін і г.д.). Пытанне дзіўнаватае, не разумею яго. Я не спрабаваў апіёідаў. Ведаю, што яны шкодзяць здароўю і маюць вялікі залежніцкі патэнцыял. Ведаю, што людзі іх прадаюць.

– Ці ацэньвала вашая кампанія наступствы ад паслаблення заканадаўства ў пытанні легалізацыі наркотыкаў?

– Канешне, мы вывучалі даследванні, і ўсе сведчаць, што ў краінах, якія перайшлі ад палітыкі “барацьбы з наркотыкамі” да палітыкі змяншэння шкоды, назіраецца зніжэнне ўзроўню спажывання кантралюемых рэчываў, зніжэнне агульнага ўзроўню злачыннасці, карупцыі, паляпшаецца становішча людзей, якія пакутуюць на залежніцкія разлады. Акрамя таго, у гэтых краінах хворыя пацыенты могуць карыстацца адэкватным лекаваннем прэпаратамі на аснове канабісу. Гэтыя краіны атрымоўваюць прыбытак ад канаплянай прамысловасці: вытворчасці тканіны, алею, паперы, мукі, і г.д. Сусветная канабіс-індустрыя — сфера эканомікі, якая развіваецца найбольш хутка. З ёй можа параўнацца хіба што сфера блокчэйна. І толькі ў Беларусі (і шэрагу іншых краінаў, кшталту Філіпін) спажыўцоў кантралюемых рэчываў дагэтуль саджаюць у турму.

Даведка «Народнай Волі»

Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, у 2017 годзе за злачынствы, звязаныя з незаконным абаротам наркотыкаў, было асуджана 2942 чалавекі, большая частка з якіх (2830) па артыкуле 328 Крымінальнага кодэксу (незаконныя вытворчасць, перапрацоўка, набыццё, захоўванне ці перавозка псіхатропаў, прэкурсораў ці аналагаў: без мэты распаўсюду – ад 2 да 5 гадоў пазбаўлення волі; з мэтай распаўсюду – ад 5 да 8 гадоў турмы; дзеянні часткі другой, здзейсненыя групай асобаў ці службовымі асобамі, або паўторнае здзяйсненне такога злачынства – ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі; здзейсненыя арганізаванай групай або ў лабараторных умовах – ад 10 да 20 год турмы; дзеянні па частках 2-4, што прывялі да смерці чалавека ў выніку ўжывання наркатычных сродкаў, псіхатропаў, іх аналагаў – ад 12 да 25 гадоў турмы). У 2016 годзе такіх асуджаных было 3608 чалавек, а ў 2015 – 3929.