Фота Аляксандра Стадуба, pressball.by

Ва ўзросце 82 гадоў 21 лютага ў Нетаніі (Ізраіль) памёр былы прэзідэнт Федэрацыі хакея Беларусі (1993—1997) Леў Кантаровіч.

«Яшчэ ўчора мы размаўлялі па тэлефоне, а сёння ноччу ён памёр», — паведаміў БелаПАН Уладзімір Беражкоў, які працаваў віцэ-прэзідэнтам БФХ разам з Кантаровічам.

Паводле слоў Беражкова, у нябожчыка была дыягнаставана пухліна мозгу. Пахаванне адбудзецца ў Ізраілі 22 лютага. Туды Кантаровіч эміграваў больш за 10 гадоў таму.

«Пайшоў Чалавечышча, мой Сябар, Настаўнік і добрая палова свядомага жыцця, — напісаў Беражкоў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук». — 8 гадоў рука аб руку, спіна да спіны ў федэрацыі хакея, мабыць, да гэтага часу складаюць самы яркі і карысны адрэзак майго невыразнага ў апошнія гады быцця. Учора ўвечары віншаваў з Днём нараджэння яго жонку, размаўлялі па тэлефоне. Лёва чытаў байнэт, як заўсёды задаваў удакладняльныя пытанні і цікавіўся лёсам блізкіх, слаў праз мяне ўсім прывітанні. З радасцю і ў падрабязнасцях усё перадаў. А цяпер, вось, прабачце, сябры, няма слоў… І сэнсаў».

На пасадзе кіраўніка БФХ Кантаровіч у верасні 1993 года змяніў яе першага прэзідэнта Яўгена Анкуду, які рэзка крытыкаваўся за крызіс у гэтым відзе спорту.

Пры Кантаровічы беларуская зборная ўпершыню трапіла ў эліту сусветнага хакея, у 1997 годзе выйграўшы турнір у групе В. У тым жа годзе каманда адабралася на Алімпійскія гульні-98 у Нагана, дзе дайшла да чвэрцьфіналу.

У снежні 1997 года месца Кантаровіча заняў начальнік службы бяспекі прэзідэнта Юрый Бародзіч, а сам Кантаровіч стаў віцэ-прэзідэнтам федэрацыі і прапрацаваў у ёй яшчэ чатыры гады.