Фота: БЕЛТА

Еўрасаюз пракаментаваў вынікі мясцовых выбараў у Беларусі. 20 лютага з заявай выступіла прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. У ёй адзначаецца, што выбары, якія прайшлі ў Беларусі 18 лютага, “былі магчымасцю для павышэння легітымнасці мясцовых прадстаўнікоў у краіне”. Аднак улады не ўлічылі “шэраг ключавых рэкамендацый”, якія былі атрыманыя ад Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, Венецыянскай камісіі Савета Еўропы. У выніку “сістэмныя недахопы”, якія былі выяўленыя яшчэ на мінулых выбарах, не былі выпраўленыя.

“Еўрапейскі саюз па-ранейшаму чакае ад беларускіх уладаў неадкладнага аднаўлення працы па правядзенні сур’ёзнай і ўсеабдымнай рэформы выбарчага заканадаўства і выбарчых працэдур, — гаворыцца ў заяве. — Такая рэформа павінна быць праведзена як мага хутчэй да чарговых выбараў для таго, каб выканаць даўнія рэкамендацыі і стварыць аднолькавыя ўмовы для ўсіх”. Адзначаецца, што “працэс рэфармавання павінен быць празрыстым і інклюзіўным”. Калі б улады Беларусі гэта зрабілі, у Бруселі ўспрынялі б рэформу, як “дадатковы крок на шляху да поўнай рэалізацыі патэнцыялу адносін паміж ЕС і Беларуссю”. Пры гэтым ЕС “гатовы дапамагчы Беларусі ў яе намаганнях па прывядзенні выбарчага працэсу ў адпаведнасць з абавязацельствамі ў рамках АБСЕ ды іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў”.

Як вядома, на мясцовых выбарах у Беларусі апазіцыянеры не сталі дэпутатамі (за выключэннем адзінкавага выпадку ў Бярозаўскім раёне). На чарзе — парламенцкія і прэзідэнцкія выбары.