Зьміцер Дашкевіч падчас наведваньня барбэршопу «Чэкіст». Фота: Радыё Свабода

21 лютага ў Мінску суд Цэнтральнага раёна завочна аштрафаваў грамадскага дзеяча Змітра Дашкевіча і блогера Эдуарда Пальчыса. Іх прызналі вінаватымі ў дробным хуліганстве падчас наведвання ў пачатку студзеня барбэршопу “Чэкіст”. Дашкевіча і Пальчыса аштрафавалі на 30 базавых велічынь (на 735 рублёў) кожнага.

У студзені Зміцер Дашкевіч і Эдуард Пальчыс з групай актывістаў наведвалі барбэршоп і паразмаўлялі з яго супрацоўнікамі. Яны мелі прэтэнзіі да назвы ўстановы — “Чэкіст”. Паводле слоў актывістаў, гэтая назва асацыюецца з карным органам, які спрычыніўся да масавых рэпрэсій. Таксама Дашкевіч спрабаваў развесіць там плакаты з прозвішчамі больш за сотню беларускіх інтэлігентаў, расстраляных сталінскімі катамі ў 1937 годзе (на здымку). Паводле праваахоўнікаў, Зміцер Дашкевіч “настырна навязаў сваю прысутнасць”, “наўмысна парушаў дзейнасць” установы, чым выявіў “непавагу да грамадства”.

Сведкамі ў судах, на якія Дашкевіч і Пальчыс не з’явіліся, былі заснавальнікі барбэршопа Ілля Мятліцкі і Алег Кот. Апошні сказаў, што той інцыдэнт стаў прычынай павышэння ў яго ціску.

Поделиться ссылкой: