Фота: belta.by

Беларусь упершыню за гады незалежнасці цалкам адмаўляецца ад імпарту электраэнергіі, паведаміў 21 лютага ў Астраўцы (Гродзенская вобласць) на пасяджэнні калегіі Міністэрства энергетыкі паводле вынікаў 2017 года кіраўнік ведамства Уладзімір Патупчык.

Згодна з яго словамі, адмовіцца ад паставак электрычнасці з-за мяжы пачынаючы з 2018 года краіне дазволіла “праведзеная мадэрнізацыя беларускай энергасістэмы і дасягнутыя дамоўленасці на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Расіі і Беларусі па цэнах на газ для нашай краіны”.

“У гэтых умовах дзяржаўнаму вытворчаму аб’яднанню “Белпалівагаз” і газазабеспячальным арганізацыям неабходна арганізаваць бесперабойнае забеспячэнне аб’ектаў энергасістэмы і неабходную працу з прадпрыемствам “Газпром трансгаз Беларусь” у межах дагаворных адносін. Задача аб’яднання “Белэнерга” і энергазабеспячальных арганізацый заключаецца ў тым, каб арганізаваць далейшае павышэнне эфектыўнасці працы энергасістэмы. Усе ўмовы для гэтага ў нас ёсць”, — заявіў міністр.

Згодна са словамі Патупчыка, з 2013 года імпарт электраэнергіі знізіўся на 53,4% і склаў паводле вынікаў мінулага года 2,733 млрд кілават-гадзін пры ўнутраным спажыванні электраэнергіі 36,926 млрд.

Уласная вытворчасць электраэнергіі за гэты ж перыяд вырасла на 2,1 млрд кВт•гадз (+7,4%), склаўшы ў 2017 годзе 34,343 млрд кВт•гадз з улікам энергаўстановак “Белэнерга” і не падведамных аб’яднанню блок-станцый.

Чыноўнік таксама адзначыў, што ўдзельны расход паліва на вытворчасць электраэнергіі за мінулыя пяць гадоў знізіўся з 256,1 да 232,1 г умоўнага паліва на 1 кВт•гадз. Спажыванне імпартаваных паліўных рэсурсаў за гэты час знізілася на 3,2 млн тон умоўнага паліва.

“Эквівалентнае 2,8 млрд кубаметраў прыроднага газу і адпавядае змяншэнню нагрузкі на валютны рынак краіны на 532 млн долараў. Іншымі словамі, адзін і той жа аб’ём электраэнергіі мы выпрацоўваем з эканоміяй большай за паўмільярда долараў толькі за кошт паліўнага складніку”, — растлумачыў Патупчык.