Андрэй Кім
Андрэй Кім

Яшчэ гадоў сем-восем таму было цяжка ўявіць, што ў айчынных кінатэатрах будуць масава дэманстравацца стужкі, агучаныя па-беларуску. Так, прагляды на беларускай мове здараліся, але насілі яны далёка не рэгулярны характар. Кожны такі паказ прыроўніваўся да сенсацыі.

Выпраўляць сітуацыю ўзяўся грамадскі актывіст Андрэй Кім, стварыўшы кампанію “Кінаконг”, якая на сённяшні дзень з’яўляецца адзіным праектам, дзе займаюцца агучкай кіно па-беларуску.

Пра тое, як усё пачыналася, па якіх крытэрыях у “Кінаконгу” выбіраюць фільмы, што загучаць па-беларуску, і пра творчы працэс Андрэй Кім распавядае “Народнай Волі”.

— Для мяне ідэя агучкі фільмаў па-беларуску ляжала на паверхні. Падобнага ніхто не рабіў, а гэтым варта было б заняцца. Першыя спробныя крокі мы зрабілі недзе ў 2009-м. Знайшлі прафесійную студыю гуказапісу, знайшлі людзей, у якіх быў досвед працы па агучцы (тады я з’ездзіў да сваіх сяброў, якія займаліся агучкай фільмаў для тэлебачання) павучыўся ў іх, і мы пачалі працаваць. Акцёрскі склад, які працаваў над першым фільмам, падабраўся на зайздрасць. З намі працавалі Павел Харланчук, Уладзімір Глотаў, Алесь Малчанаў і Ганна Хітрык.

— Па якіх крытэрыях вы адбіраеце людзей для працы над фільмамі?

— Звычайна людзі да нас прыходзяць самі. Але, галоўны крытэрый вельмі просты: мы імкнемся знаходзіць тых людзей, што неабыякавыя да беларускай мовы. І зусім не церпім тых, хто прыходзіць “зрубіць бабла”. Дарэчы, па чалавеку адразу бачна, навошта ён прыйшоў… Па-першае, не сказаць, што ў “Кінаконгу” нейкія шалёныя заробкі. Па-другое, мы не абмяркоўваем з чалавекам фінансавыя пытанні. Важна, каб працэс працы над фільмам усёй камнадзе быў, што называецца, “па кайфу”. Парадаксальна, але факт: грошы ў “Кінаконгу” атрымліваюць тыя, хто гатовы працаваць бясплатна, проста за ідэю.

— Андрэй, ці верылі Вы, што ваш альтруістычны па сутнасці праект вырасце ў нешта вялікае і маштабнае?

— Глыбокага аналізу наконт таго, што з гэтага атрымаецца, я на самым пачатку не рабіў. Я верыў у тое, што гэта запатрабавана. Я ўсцешыўся пасля першых паказаў, калі пабачыў, што ў кіназалы на фільмы з беларускай агучкай прыходзяць літаральна людскія натоўпы. Але ў тое, што я буду гэтым займацца сем-восем год запар – не верылася. Гэтую справу на сённяшні дзень я лічу самай галоўнай справай свайго жыцця. Я не ведаю, ці буду займацца гэтым ўсё жыццё, але, як бы гэта пафасна не прагучала, зараз я ў гэтым бачу сваё пакліканне. Значыць, Богу патрэбна, каб я займаўся “Кінаконгам”.

Кінаконг. Гісторыя поспеху
Фота: kinakong.by

Дарэчы, сама назва “Кінаконг” мне не вельмі падабаецца. Варыянтаў пра назву праекта было два. Я схіляўся да “Мовы кіно”. У той час, калі мы запусцілі праект, яшчэ не было ні “Мовы нанова”, ні “Мовы ці кавы”. Але сябры пераканалі назваць праект “Кінаконг”.

— За гэты час вы паспелі агучыць некалькі дзясяткаў стужак. А па якіх крытэрыяхвы адбіраеце фільмы для агучкі?

— Галоўны чыннік для выбару фільма адзін: у стужцы павінны быць адлюстраваны хрысціянскія каштоўнасці, кіно павінна рабіць чалавека лепш. Не маю на ўвазе, што гэтыя стужкі на рэлігійную тэматыку (дарэчы, якасных хрысціянскіх фільмаў, калі мы ўжо пра гэта загаварылі, даволі мала). Пад хрысціянскімі каштоўнасцямі я разумею базавыя рэчы: калі ў фільме паказваюць дабро і зло,то дабро павінна быць дабром, а зло — злом. Найперш, фільм павінен быць жыццясцвярджальным, каб пасля прагляду гледачу хацелася рабіць свет лепшым. Ці сябе лепшым.

Кінаконг. Гісторыя поспеху
Фота: kinakong.by

Ёсць многа фільмаў, якія падманваюць людзей, уводзяць іх у дэпрэсію, расказваюць ім няпраўду. Ёсць фільмы, якія ніяк не ўплываюць на гледача – такія стужкі нас не цікавяць. Мы шукаем тыя рэдкія фільмы, якія робяць над чалавекам працу і дапамагаюць яму змяніць жыццё да лепшага, зрабіць сваё існаванне больш асэнсаваным.

Як выглядае праца над агучкай?

Спачатку выбіраецца фільм і робіцца пераклад. Тэкст праходзіць некалькі рэдактур, карэктуру, а пасля ўжо пачынаецца агучка кіно. У ёй, як правіла, занятыя шэсць 5-8 акцёраў. Працуем мы выключна з прафесійнымі акцёрамі і дыктарамі. Пасля таго, як фільм агучаны, пачынаецца мантаж. Увесь творчы працэс займае прыкладна месяц.

— Андрэй, а ці лёгка было ўгаворваць дырэктараў кінатэтраў на беларускамоўныя паказы?

Пытанне палягала ў тым, што першым быць заўжды складана. Мне здаецца, што гэта тычыцца любой справы. Шмат гадоў мы “прабівалі” пытанне пракатных ліцэнзій для перакладзенных намі стужак. Потым я, і не толькі я, хадзіў да кіраўніцтва кінатэатраў і ў “Кінавідэапракат” – арганізацыя, якая адказвае за ўсё, што паказваюць на беларускіх кінаэкранах. Скажу шчыра: спачатку асаблівага энтузіязму я не сустрэў. Ідэя не ўспрымалася. Людзі папросту баяліся, што ніхто ў Беларусі на беларускамоўнае кіно не пойдзе. Мне часта задавалі пытанне: “А чаму гэты фільм агучаны па-беларуску?” Падкрэсліваю, ніякай варожасці з боку адказных чыноўнікаў ці дырэктараў кінатэатраў ніколі не было – быў хутчэй страх, што гэтыя кінапаказы праваляцца.

— Колькі сродкаў вы затрачваеце для працы над адным фільмам?

— Для таго, каб “Кінаконг” жыў, нам патрэбна прыкладна 6.000 беларускіх рублёў у месяц. Гэтых грошай хапае, каб зрабіць па-беларуску адзін фільм. “Кінаконг” сёння — гэта цалкам камерцыйны праект, які акупае сябе і прыносіць невялікі прыбытак. А стабільным бізнесам праект можа стаць толькі тады, калі аўдыторыя, якая прыходзіць на нашыя прагляды ў Мінску, складзе 10 тысяч чалавек. Пакуль мы гэтай лічбай пахваліцца не можам – за год нашыя кінасеансы наведвае каля 20.000 чалавек.

— Паколькі “Кінаконг” – праект камерцыйны, то для яго дзейнасці патрэбны быў старатавы капітал? Дзе вы яго зарабілі?

— Як вы разумеце, “Кінаконг” пачаўся значна раней, чым пад яго з’явіўся стартавы капітал. А некалькі гадоў таму я вырашыў зарэгістравацца “іпэшнікам”. Пайшоў на курсы прадпрымальнікаў, пасля іх заканчэння можна было прэтэндаваць на дзяржаўную субсідыю – стартавы капітал у памеры прыкладна 1000 долараў. Пасля заканчэння гэтых курсаў я напісаў бізнес-праект, якраз пра агучку кіно па-беларуску. Дарэчы, усім, хто хоча заняцца прадпрымальніцтвам у Беларусі, я раіў бы прайсці гэтыя курсы. Інават не абавязкова ісці на курсы з гатовай бізнес-ідэяй. У прынцыпе людзям падказваюць, куды можна ўкласці гэтую субсідыю.

Як я патраціў тую тысячу долараў? Купіў кабелі, мікрафоны, гукавую карту. Прыклаў чэкі на гэтае абсталяванне і пачаў бізнес з выплатай падаткаў — такім чынам я разлічыўся з дзяржавай. У тым ліку часткова з вось з гэтых “пад’ёмных” “Кінаконг” стаў бізнесам.

— Не так даўно Генадзь Давыдзька казаў пра недахоп фінансавых сродкаў для таго, каб дзяржаўнае тэлебачанне рабіла тое, што робіце вы – перакладала фільмы на беларускую мову…

— Магчыма, сапраўды дзяржаўнаму тэлебачанню не хапае грошай (як я зразумеў, Давыдзька меў на ўвазе бюджэт тэлеканала “Беларусь-3”). А магчыма, не хапае матывацыі. Да таго ж, беларускаму тэлебачанню зараз вельмі цяжка канкураваць з расійскім, якое глядзіць амаль усё насельніцтва краіны. І гэта праблема. Магчыма, яе б магла вырашыць “камерцыяналізацыя” ТБ. У тым сэнсе, каб глядач рублём галасаваў за тое, які тэлеканал яму патрэбны. Але пакуль мы маем тое, што маем…

— Якім вы бачыце “Кінаконг” у перспектыве. Праз год, тры, пяць, дзесяць…?

— Тыя планы, якімі я гатовы зараз падзяліцца, фармулююцца так: вельмі хачу, каб “Кінаконг” замацаваўся ў рэгіёнах. І, карыстаючыся момантам, праз “Народную Волю”, звяртаюся да чытачоў: калі вы хочаце, каб кіно па-беларуску прыйшло ў ваш горад ці вёску – проста дайце нам пра гэта ведаць. Нас лёгка знайсці ў разнастайных сацыяльных сетках, мы адкрытыя да кантактаў і дыялогаў.

Што тычыцца планаў на 2018 год, то мы плануем паказаць у Беларусі адразу некалькі прэм’ерных фільмаў – тыя стужкі, якія выйдуць на сусветныя экраны на розных мовах, мы плануем у гэты ж час паказаць па-беларуску.

У доўгатэрміновых планах галоўнае, каб “Кінаконг” развіваўся. А ў якім накірунку – пакажа час…

Даведка «Народнай Волі»

У мінулым годзе «Кінаконг» супольна з сотавым аператарам Velcom рэалізаваў паўнамаштабны рэспубліканскі праект «Беларускія ўікенды»: з сакавіка па снежань адбылося больш за 200 сеансаў у 27 гарадах Беларусі, якія сабралі каля 20 тысяч гледачоў.

А 24 і 25 лютага адмыслова да Дня роднай мовы ў мінскім кінатэатры «Масква» адбудуцца дадатковыя паказы кінастужак «Шторм: Палаючы ліст» і «Таямніца Келза».