Фота: БЕЛТА

Беларусы патрабуюць змен у заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў.

Спроба ў чарговы раз дастукацца да чыноўнікаў з патрабаваннем змяніць заканадаўства аб масавых мерапрыемствах праходзіць у інтэрнэце амаль незаўважна.

На сайце zvarot.by размешчаны электронны варыянт петыцыі, якая будзе адпраўлена на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага схода Беларусі Уладзіміра Андрэйчанкі.

На бліжэйшай вясновай сесіі Парламента плануецца разгляд дапаўненняў і зменаў у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення масавых мерапрыемстваў.

Аўтары петыцыі спасылаюцца на Канстытуцыю Беларусі, дзе напісана, што

«грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз свабодна выбраных прадстаўнікоў. Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэспубліканскага і мясцовага значэння, іншымі вызначанымі законам спосабамі».

Таму, звяртаючыся да старшыні Палаты прадстаўнікоў, яны настойваюць на тым, каб у абмеркаванні зменаў прынялі ўдзел незалежныя праваабаронцы, у тым ліку прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага камітэта, незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна” і іншых.

Падпісанты звароту просяць Уладзіміра Андрэйчанку даць дазвол на тое, каб прадстаўнікі згаданых праваабарончых арганізацыі прысутнічалі на сессіі і мелі права задаваць пытанні, даваць даведкі, перадаваць у сакратарыят сесіі тэксты сваіх выступаў і іншыя матэрыялы.

Эксперты ў сферы свабоды сходаў адзначаюць, што беларускі закон аб масавых мерапрыемствах не адпавядае міжнародным стандартам свабоды сходаў.

“У Беларусі дзейнічае дазвольны прынцып правядзення сходаў, абцяжараны абавязкам арганізатараў да падачы заяўкі на правядзенне сходу заключыць грамадзянска-прававыя дамовы з дзяржаўнымі органамі на ахову парадку, прыборку тэрыторыі і медыцынскае абслугоўванне ўдзельнікаў. У некаторых выпадках названыя дзяржаўныя органы адмаўляюцца заключаць такія дамовы без рашэння мясцовага выканкама аб санкцыянаванні масавага мерапрыемства, а мясцовыя выканкамы ў шэрагу выпадкаў адмаўляюцца даць дазвол на правядзенне масавага мерапрыемства без заключэння згаданых дамоваў, — сцвярджаецца ў аналітычнай запісцы “Вясны” і БХК па выніках 2016 – 2017 года. “Асноўнай негатыўнай тэндэнцыяй з’яўляецца тое, што арганізатараў і ўдзельнікаў мірных сходаў прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці толькі з-за адсутнасці спецыяльнага дазволу на правядзенне сходу. Пры гэтым, той факт, што ў 2016-2017 гадах самі сходы ў большасці выпадкаў не разганяліся, а ўдзельнікі не падвяргаліся затрыманням, сведчыць аб адсутнасці грамадскай небяспекі такіх дзеянняў”.

Якія змены ў закон будуць унесены вясной? Пакуль што слова за Уладзімірам Андрэйчанка. Падаецца, што яго адказ на гэты зварот будзе сведчыць пра адкрытасць прадстаўнікоў улады да дыялогу з грамадствам.