У Стайках. Фота забяспечана чытачамі.

Іх крыўдзяць і заробкі, і стаўленне кіраўніцтва да праблем.

Адна з работніц у размове з “РГ” сябе просіць не называць, бо баіцца наступстваў – пачнуць ціснуць праз дзяцей.

– Зарплаты і гадзіны знялі. Апошні заробак – 269 рублёў за 20 дзён працы. Дома сем чалавек, лічыце. Тэлевізар узяла ў растэрміноўку, плачу 60 рублёў. Хутка машынку прывязуць – 21 рубель на два гады. Заплаціць за камунальныя паслугі, інтэрнэт – больш за 100 рублёў. Трэба ж дзяцей апранаць. Муж таксама ў калгасе.

Увесь месяц без выхадных, атрымаў каля 350 рублёў. Яны рукамі грузяць і вывозяць гной. Колькі брыгадзір ні ваявала з канторай, нічога не дабілася. Знайсці іншую працу немагчыма – тут толькі фермы і ўсё.

Зарплаты работнікаў знізіліся ў снежні. Гэтаксама, як і год таму, таксама перад Новым годам. Тады рэдакцыя адправіла прадпрыемству запыт з просьбай патлумачыць сітуацыю з заробкамі. Адказу мы так і не дачакаліся. Затое, па словах нашай субяседніцы, у студзеньскую зарплату і наступныя сумы пачалі павялічвацца.

Ад сакавіка, кажа жанчына, пачалі выдаваць нармальны заробак.

– Менш за 400 рублёў я не зарабляла, працягвае яна. – Усе скардзяцца, але толькі тады, калі няма начальства. На сямігадзінны рабочы дзень паставілі даярак. Наш асноўны заробак залежыць ад малака і прывагі жывёлы. Раней мы здавалі малако на Мінск. Цяпер малако ідзе толькі на Вілейку. Цялушак вырошчваем, а бычкоў здаём на іншыя прадпрыемствы. Раней з аднаго прыйдзе, з другога, і неяк абарот ішоў. Цяпер глуха! На работу ісці не хочацца, таму што не ведаеш, чаго чакаць.

“Пасадзілі за пусты стол”

Пра маладога кіраўніка прадпрыемства субяседніца гаворыць так:

– Яго прывялі і паса­дзілі за пусты стол. Усё было развалена да яго. Спадзяваліся, што малады, будзе рваць, але ёсць вышэйшае кіраўніцтва. Я ж яго і разумею. Гэта як прывесці ў пусты дом і сказаць “Жыві”. Кожны з кіраўнікоў нешта з калгаса прыбіраў. Быў жа і свінарнік, і гусятнік. Але калгас пры вялікіх запазычанасцях быў яшчэ пры былых начальніках.

Не ў кіраўніку справа, цяперашні пабудзе да красавіка, і паставяць новага. Але нічога не зменіцца, за апошнія гады ў нас мяняецца толькі кіраўніцтва.

Жанчыну крыўдзіць стаўленне да яе:

– Мы ж даяркі, і летам, і ў дождж, і ў снег працуем. Не трэба забываць рукі, якія кормяць.

Другая даярка прадпрыемства пагаджаецца з калегай:

– За 23 дні ў лістапа­дзе налічылі 177 рублёў. Даплацілі да мінімалкі, і гэта без выплат. На рукі атрымала каля 220. Летам мелі па 380-400 рублёў. У мяне дзеці, гадую адна, як пракарміць іх, як аплаціць камуналку?

Часам няма чым за святло плаціць. На сходах кажуць, што на бальнічныя часта ходзім. Дык сэнс мне на працу выходзіць, калі ўсё роўна мінімалка выйдзе?

“Гэта сезонная з’ява”

Кіраўнік прадпрыемства “Стайкі” Уладзімір Рапецкі займае пасаду ад красавіка мінулага года. На пытанне, ці праўда, што некаторыя яго работнікі атрымліваюць мінімальны заробак, адказвае, так.

Аднак, паводле яго слоў, гэта сезонная з’ява. У снежні-студзені прадпрыемства спрацавала не вельмі, ад таго такі вынік.

У лютым сітуацыя павінна выправіцца дзякуючы лепшым надоям малака.

“Добрыя кадры з досведам сышлі”

Пракаментаваць сітуацыю мы папрасілі аднаго з былых кіраўнікоў “Стаек” Уладзіміра Лучанка. Цяпер ён працуе галоўным аграномам “Алай зары” ў Ерхах. Менавіта яго называюць апошнім кіраўніком, пры якім “быў парадак”. Тры з паловай гады ён узначальваў прадпрыемства.

– Трэба было трымаць людзей. Людзі – гэта галоўнае. Балючае пытанне ў тым, што няма спецыялістаў, няма каманды. Калі кіраваў я, імкнуўся стварыць калектыў. Цяпер няма ні інжынера, ні талковага агранома. Толькі ветдоктар добры. Не хачу нікога крыў­дзіць, але харошыя кадры, дасведчаныя, сышлі. Як сустракаюся з былымі работнікамі, кажуць, што са мной было добра, бо “пад’язджаў” да работнікаў, ці накрычу, ці пахвалю. І што рабіць ведалі, і рэакцыю адчувалі. Адзін з наступных кіраўнікоў прыедзе, пройдзе і не скажа нічога. Кажуць, і не ведаем, добра ці дрэнна працуем.

А да мяне далучылі адну з самых адстаючых гаспадарак, дзе даілі 2,5 літра малака на карову. Літаральна праз год даілі 12, летам даходзіла і да 16.

Былы кіраўнік раёна Яўген Сініла казаў, што калі атрымаю 12 літраў зімой, буду з грашыма. Так яно і выйшла.

У Лучанка здарыўся інсульт, і ён пасля парады доктара вырашыў зменшыць працоўную нагрузку.