Фота: Белсат

Як ніколі бруднымі назвалі незалежныя назіральнікі мясцовыя выбары, што адбыліся 18 лютага. Паводле Цэнтрвыбаркама, датэрміновае галасаванне зашкаліла — амаль што 35%, агульная яўка — болей за 77%.

І гэта пры тым, што ў грамадстве відавочна панавала апатыя. Прэзідэнцкія кампаніі яшчэ выклікаюць нейкае ажыўленне (прэзідэнт жа ў Беларусі — і цар і бог і вайсковы начальнік), мясцовыя ж выбары сярэднестатыстычнаму абывацелю глыбока фіялетавыя. Бо і альтэрнатывы ў большасці акруг няма, і паўнамоцтвы дэпутатаў мізэрныя, і ў справядлівасць падліку галасоў мала хто верыць.

Гэтым разам на многіх участках афіцыйныя лічбы яўкі ў шмат разоў разышліся са звесткамі назіральнікаў. Іх справаздачы, паведамленні недзяржаўных СМІ сведчаць, што па ўсёй краіне практыкаваўся “добраахвотна-прымусовы” метад, калі залежных ад вертыкалі людзей (студэнтаў, вайскоўцаў, бюджэтнікаў) заганялі на ўчасткі. Разам з тым, апазіцыя зафіксавала і “навацыі” ў выглядзе так званых “каруселяў”.

Дарэчы, няцяжка зрабіць выснову, што яўка кіраваная. У першыя дні датэрміновае галасаванне ішло большымі тэмпамі, чым як нават на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года. Потым тэмпы знізіліся. Просіцца версія, што пераўзыходзіць паказчыкі прэзідэнцкай кампаніі недзе наверсе палічылі перагінам, палітычнай памылкай. Разам з тым, у апошнія дзве гадзіны перад закрыццём участкаў 18 лютага народ нібыта ламануўся галасаваць.

Другая думка такая: пры непразрыстасці падліку галасоў вертыкаль можа гэтак жа лёгка, як яўкай, маніпуляваць і вынікамі волевыяўлення. Усё ж у яе руках, назіральнікі фактычна адсечаныя, а ў выбарчых камісіях апазіцыі амаль што няма, толькі свае людзі.

Звыш усяго, пры падліку галасоў сябры камісій у многіх месцах ігнаравалі нават рэкамендацыю Цэнтрвыбаркама пакідаць адзін бок стала з бюлетэнямі адкрытым для назірання. Мара апазіцыі, каб выразна паказваўся кожны бюлетэнь, застаецца недасягальнай.

Але свярбіць пытанне: нашто было так наганяць яўку? Яе парог на мясцовых выбарах даўно скасаваны. У асобна ўзятай акрузе яны тэарэтычна могуць адбыцца, нават калі ўкіне бюлетэнь адзін выбаршчык. Дык у чым быў сэнс шчыравання “гасударавых людзей”?

Усё проста. Вы ўявіце сябе на месцы нейкага начальніка, у якога ў раёне яўка афіцыйна склала б 20-30% (што, пэўна, адлюстроўвала б рэальны ўзровень цікавасці да гэтых выбараў). Лёгка спрагназаваць, што такому вертыкальніку зверху ўвалілі б як каню: ты што гэта на самацёк пусціў палітычную кампанію? Аўтарытэт улады падрываеш?

І такога нядбайнага выканаўцу пэўна пастараліся б замяніць болей надзейным кадрам, бо наперадзе непараўнальна важнейшая кампанія — прэзідэнцкія выбары, што адбудуцца, не выключана, ужо ў 2019 годзе. А на тых выбарах усё мусіць быць узорна-паказальным з гледзішча рэжыму. Элегантны вынік, адным словам.

Так што цяперашнія выбары былі для вертыкалі адначасна і трэнінгам, і дэманстрацыяй адданасці афіцыйнаму лідару, і тэстам на эфектыўных менэджараў.

Яшчэ адна задача — дэмаралізаваць унутраных апанентаў. Хто-ніхто з іх цвердзіў, што ўлада можа згуляць у дазаваную лібералізацыю, і таму ёсць шанец атрымаць трохі мандатаў, заваяваць хоць маленькія плацдармы ў мясцовай уладзе.

На гэты момант вядома, што ў абласныя і сталічны Саветы апазіцыя не трапіла.

Такім чынам, улада паказвае крытычна настроеным да яе грамадзянам: на перамены і не спадзявайцеся. У грамадстве ўзмацняюць фаталізм ды апатыю: нашто біцца галавой аб сцяну? Сярод праціўнікаў рэжыму абвострацца ўнутраныя спрэчкі: дык ці трэба ўвогуле “ўдзельнічаць у фарсе”?

Ігнараванне выбараў яшчэ болей маргіналізуе палітычную апазіцыю, грамадзянскую супольнасць. Так назіральнікі хоць парушэнні фіксуюць, псуюць афіцыйны міф пра ўсенародную патрымку рэжыму ды адсутнасць парушэнняў. Калі ж вымыць рукі ды сысці ў вежу са слановай косткі, то і пра фальшаванне заявіць не будзе каму.

Нарэшце, правядзеннем мясцовых выбараў у найгоршых традыцыях улады паказалі вялікую дулю Захаду, які ўжо зрабіў стаўку на нармалізацыю адносін з афіцыйным Мінскам.

Спачатку Мінск дурыў Еўропе галаву абяцанкамі, што ўлічыць хоць частку рэкамендацый АБСЕ датычна змены выбарчага заканадаўства. Але ў выніку быў пакладзены пад сукно нават праект касметычных змен, падрыхтаваны пад эгідай кіраўніцы ЦВК.

Беларускае кіраўніцтва ўпэўнілася, што еўрапейцы аказаліся закладнікамі сваёй жа геапалітычнай гульні з рэжымам. Цяпер уладныя вярхі здзекліва пасміхаюцца: ну а што вы нам зробіце? Не станеце ж санкцыі зноў уводзіць.

Становіцца болей зразумела, чаму пазалетась быў разгромлены НІСЭПД — адзіная інстытуцыя, што ладзіла рэгулярныя нацыянальныя апытанні ды абнародавала іх вынікі. Сёння тыя апытанні пэўна паказалі б, што разрыў паміж настроямі народу і намаляванымі на выбарах лічбамі становіцца жахлівым.

Можа, раней у самага высокага начальства і былі думкі трохі пагуляць з Захадам у бачнасць унутранай лібералізацыі. Нейкі час нават Міколу Статкевічу дазвалялі беспакарана ладзіць несанкцыянаваныя шэсці. Аднак леташнія пратэсты “дармаедаў” відавочна напалохалі кіроўную вярхушку. Было вырашана, што лепей абыходзіцца без эксперыментаў з адкручваннем гаек. Наадварот, падрыхтавалі болей жорсткі варыянт закона аб масавых мерапрыемствах, пачалі метадычна штрафаваць ды саджаць на суткі аматараў вулічных акцый, блакаваць неўпадабаныя палітычныя сайты.

Зрэшты, падобна на тое, што ўлады гатовы і эксперыментаваць, толькі па-свойму — адпрацоўваюць новыя, болей тонкія метады фальсіфікацый. “Каруселі” — гэта відавочнае перайманне “перадавога досведу” пуцінскай Расіі.

Увогуле ж варта прагназаваць, што наступныя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі будуць ладзіцца паводле грубага сцэнару, калі рэжым створыць для сябе трайны запас трываласці цягам кампаніі.

Ва ўладаў няма рэсурсу для нагонкі заробкаў, няма моцных ідэй для эфектыўнай прапаганды (ну колькі можна палохаць майданам, крывёй на Украіне?). Таму вертыкаль будзе забяспечваць “элегантны” вынік прымітыўнымі, але дзейснымі інструментамі. Каб ніякай рэальнай канкурэнцыі, ніякіх думак пра Плошчу…

Галоўны месэдж прайшоўшых мясцовых выбараў — што кідаць выклік рэжыму гэтак жа бессэнсоўна, як спрабаваць спыніць голымі рукамі асфальтавы каток. Маўляў, змірыцеся, мы будзем панаваць вечна.

Ну вечна не вечна, але пры цяперашняй пасіўнасці масы беларусаў рэжым мае шанцы трываць яшчэ доўгія гады.