Ілюстрацыйнае фота. Прадстаўнікі кампаніі назіраньня за выбарамі «Права выбару» Алесь Сілкоў, Дзяніс Садоўскі, Аляксей Янукевіч, Ігар Барысаў (архіў)

Прадстаўнікоў кампаніі «Права Выбару» зьмушаюць пакінуць памяшканьне культурнага цэнтру «Корпус» (вул. Машэрава, 9), дзе 18 лютага была арганізаваная праца прэс-цэнтру па назіраньні за мясцовымі выбарамі.

Пра гэта праз паўгадзіны пасьля пачатку трансьляцыі працы прэс-цэнтру ў інтэрнэце паведаміў прэс-сакратар кампаніі Ігар Барысаў.

«Па незалежных прычынах мусім спыніць эфір у гэтым памяшканьні. Спадзяемся ў хуткім часе працягнуць зь іншага памяшканьня», — напісаў Ігар Барысаў у сацыяльных сетках.

Ён паведаміў БелаПАН, што кіраўніцтву «Корпус», а таксама арганізацыі, у якой цэнтар арандуе памяшканьне, пачалі паступаць званкі «зьверху» з патрабаваньнем спыніць трансьляцыю і пакінуць памяшканьне.

«Адбываецца беспрэцэдэнтны ціск на нас і на адміністрацыю цэнтру, тэлефоны проста разрываюцца», — сказаў Барысаў.

У цяперашні час прадстаўнікі «Права выбару» шукаюць новае памяшканьне для арганізацыі працы прэс-цэнтру.

У кампанію назіраньня «Права Выбару» уваходзяць восем дэмакратычных грамадзкіх і палітычных арганізацыяў: Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская партыя «Зялёныя», Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За Свабоду», аргкамітэты па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і Партыі свабоды і прагрэсу, прафсаюз РЭП.

18 лютага, у асноўны дзень галасаваньня на выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў, прадстаўнікі кампаніі зьбіраліся працаваць увесь дзень, з 8.00 да 21.30. Плянаваліся, у прыватнасьці, дыскусіі на тэму выбараў, абмеркаваньне фактаў парушэньняў на розных этапах выбарчай кампаніі, прэс-канфэрэнцыі палітыкаў і назіральнікаў. Працу прэс-цэнтру меркавалася шырока асьвятляць у інтэрнэце. На 12.30 19 лютага ў цэнтры «Корпус» была прызначаная прэс-канфэрэнцыя па выніках выбараў.