Андрэй Козел

Андрэй Козел быў збіты міліцыянтамі падчас стрыму на выбарчым участку і дастаўлены ў Цэнтральны РУУС для складання пратаколу.

Здарэнне адбылося на выбарчым участку №27 у Мінску. Пра збіццё паведаміла жонка аператара Вольга Чайчыц.

“Андруся збілі 4 міліцыянты на вучастку. Ягонай галавой разбілі шкло, ідзе кроў з галавы, вязуць у цэнтральны РАУС афармляць напад на міліцыянтаў,” – напісала Вольга ў Фэйсбуку. Адзін з відавочцаў ля пастарунку паведаміў, што бачыў “скрываўленага чалавека” . Дзяжурны міліцыянер паведаміў, што інфармацыя будзе “праз 10 хвілін” ад прэс-сакратара.

Каля Цэнтральнага РАУСа знаходзіліся палітык Анатоль Лябедзька, калегі журналіста.

Як распавяла Вольга, журналіст знаходзіўся на ўчастку у якасці даверанай асобы Мікалая Казлова. Прадстаўнікі камісіі спрабавалі забараніць здымкі, але Андрэй Козел назваў артыкул заканадаўства, які дазваляе яму гэта рабіць. Праз некаторы час на ўчастку з’явіліся згаданыя чатыры міліцыянты, з якімі аператар таксама спрабаваў паразумецца, але не паспеў.

На працягу гадзіны прэс-сакратар з Цэнтральнага РАУСа так і не з’явіўся. На момант 22:16 неназваны прадстаўнік міліцыі паведаміў жонцы, што Андрэй Козел ужо знаходзіцца на Акрэсціна, у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Каля 22:30 з пастарунку выйшаў Мікалай Казлоў: кандыдат напісаў заяву, патрабуючы правесці праверку і пакараць вінаватых. “Я не лічу стрым парушэннем. Ёсць унутраныя інструкцыі, але – закона ён не парушаў. Гэта не прычына затрымліваць чалавека, тым больш з прымяненнем сілы,” – пракаментаваў кандыдат Мікалай Казлоў. Паводле яго інфармацыі, журналіст яшчэ знаходзіўся ў Цэнтральным РАУСе, адтуль яго павінны былі забраць на медагляд.

У 22:45 дзяжурны міліцыянт з Цэнтральнага РАУС паведаміў жонцы, што Андрэя Козела вывезлі на Акрэсціна. Са словаў міліцыянта, журналіст не меў пашкоджанняў, і хуткая дапамога яму была не патрэбна. Журналіст абвінавачаны ў непадпарадкаванні міліцыі (адміністрацыйны артыкул 23.34).

На выбарчым участку збіты аператар Белсата (Абноўлена)
Цэнтральны РАУС