Фота: noc.by

Беларускі фрыстайліст Станіслаў Гладчанка заняў апошняе шостае месца ў фінале алімпійскіх спаборніцтваў у Паўднёвай Карэі, паведамляе БелаПАН. Спартсмен выканаў самы складаны сярод усіх удзельнікаў скачок, але ўпаў і атрымаў толькі 92,61 бала.

Фінал складаўся з трох стадый (у кожнай па адной спробе). Па выніках першай барацьбу працягвалі 9 з 12 удзельнікаў, па выніках другой — 6 з 9. На першай стадыі Гладчанка быў пятым (123,01 бала), на другой — трэцім (126,70).

Алімпійскім чэмпіёнам стаў украінец Аляксандр Абраменка (128,51).

Напярэдадні ў фінал не трапілі алімпійскі чэмпіён Сочы Антон Кушнір і Максім Гусцік. Вынік Кушніра выклікаў абурэнне Аляксандра Лукашэнкі, які абвінаваціў суддзяў у прадузятасці і накіраваў прэтэнзіі на адрас прэзідэнта Міжнароднага алімпійскага камітэта Томаса Баха.

Гарналыжнік Юрый Данілачкін заняў 54-е месца ў гіганцкім слаламе (2.36,89 пасля двух спроб; 18,85 да выніку пераможцы, аўстрыйца Марселя Хіршэра).