Фота з сайта Evreimir.com

Сёння споўніўся год абароны Народнага мемарыяла Курапаты ад чарговай спробы вандалізму.

На краўдфандынгавай платформе talaka.by ідзе збор сродкаў на рэалізацыю праекта Народны мемарыял “Курапаты”.

— 3 сакавіка 2017 года каля будаўнічай пляцоўкі адбыўся агульнагарадскі мітынг з патрабаваннем забараніць будоўлю і прыцягнуць да адказнасці асоб, якія парушылі заканадаўства, таму што ўчастак зямлі быў выдзелены Мінгарвыканкамам тады, калі ён яшчэ знаходзіўся ў ахоўнай зоне Курапатаў, — нагадвае Алесь Чахольскі, адзін з абаронцаў Народнага мемарыяла “Курапаты”. — Таксама было патрабаванне аб упарадкаванні тэрыторыі каля дамоў №49 і №53, што па вуліцы Мірашнічэнкі. Дарэчы, гэта было зроблена праз паўгода пасля лютаўскіх падзей. У рэшце рэшт будаўніцтва было спынена.

Народны мэмарыял “Курапаты” – наш боль і нязгасная памяць, святыня беларускага народу. Там былі знішчаны каля 250 тысяч нявінных людзей. Курапаты – адно з многіх месцаў на тэрыторыі Беларусі, дзе былі забіты і хаваны ў ямах ахвяры рэпрэсій 1937–1941 гадоў. Па маштабах злачынства і колькасці ахвяраў Курапаты можна параўноўваць з Асвенцывам і Бухенвальдам.

Унікальнасць і актуальнасць гэтага мемарыяла ў тым, што людзі на працягу апошніх 20 гадоў стварылі, не гледзячы на адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі, Народны мемарыял. Створаны сапраўдны валанцёрскі рух, збіраюцца ахвяраванні, на якія выраблены і ўсталяваны больш за 1000 крыжоў і іншыя мемарыяльныя знакі, праведзены сотні талокаў па ўпарадкаванню тэрыторыі пахаванняў на дзясятках гектараў лесу, выдаюцца дзясяткі інфармацыйных матэрыялаў. Усё гэта зроблена на народныя ахвяраванні.

Каб працягнуць гэтую працу неабходна сабраць 10.000 (дзесяць тысяч) рублёў. На гэтыя сродкі плануецца закупіць неабходныя матэрыялы (метал, фарбу), правесці рэзку і зварку, вырабіць і ўсталявць 120 металічных крыжоў. Гэтым мы правядзём рэканструкцыю крыжовага перыметра Народнага мемарыяла. Заклікаем хутка і якасна зрабіць нашу агульную беларускую справу!

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»