
Многія ведаюць Уладзіслава Завальнюка як чалавека, цалкам адданага служэнню Богу, папулярызатара беларускай мовы ў царкоўным жыцці. Але мала каму вядома, што Завальнюк даўно захапляецца авіяцыяй, ды настолькі, што вырашыў стаць пілотам-аматарам.
Учора ў Дэпартаменце па авіяцыі яму ўручылі адпаведнае пасведчанне.
Каб стаць пілотам-аматарам грамадзянскай авіяцыі, Завальнюку прыйшлося прайсці навучанне ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі.
Святар авалодаў наземнай, трэнажорнай і лётнай падрыхтоўкай. Займаўся з Завальнюком асабіста дырэктар авіяцыйна-навучальнага цэнтра “Дайманд” Васіль Барысёнак. Агульны налёт Уладзіслава Завальнюка складе 41 гадзіну 52 хвіліны.
– Сесці за штурвал самалёта я марыў даўно, – прызнаўся пасля ўручэння пасведчання Уладзіслаў Завальнюк. – Лёс распарадзіўся так, што я пайшоў па духоўным шляху, пра што ніколі не шкадаваў. Духоўныя ўзлёты вышэй за фізічныя. Але, дзякуй Богу, у маім жыцці здарыўся такі факт: я стаў капеланам лётчыкаў у Мачулішчах. Менавіта там я і даведаўся, што ёсць такі вучэбна-навучальны цэнтр.
Мяне заўжды вабіла неба, таму я ўспрымаю ўручэнне гэтага пасведчання як падарунак ад Усявышняга.