Фото с сайта Novosti-saratova.ru

Пытанне перападпарадкавання пенітэнцыярнай сістэмы Мінюсту на дзяржаўным узроўні цяпер не абмяркоўваецца, паведаміў 15 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі. Пры гэтым, дадаў ён, «нічога немагчымага няма».
«Тэма актыўна абмяркоўвалася прыкладна ў 2012 годзе, маніторыліся ўсе плюсы і мінусы. У той момант было прынята рашэнне аб тым, што сёння няма нейкіх сур’ёзных праблем, якія б запатрабавалі перападпарадкавання пенітэнцыярнай сістэмы», — сказаў Сліжэўскі.

Абмеркаванне гэтай тэмы ў грамадстве міністр звязвае з тым, што ў многіх краінах пенітэнцыярная сістэма ўваходзіць у сістэму Мінюста. Але, паводле слоў Сліжэўскага, ёсць таксама мноства краін, у якіх гэтая сістэма мае іншае падпарадкаванне, у тым ліку органам унутраных спраў, альбо дзейнічае самастойна. «Кожная дзяржава выбірае той шлях, які прымальны і больш эфектыўны на дадзеным гістарычным этапе», — адзначыў міністр юстыцыі.

18 студзеня праваабаронцы апублікавалі справаздачу «Рэспубліка Беларусь: месцы несвабоды. 2017», у якой сярод іншага рэкамендавалі вывесці папраўчыя ўстановы і СІЗА з сістэмы МУС. «Знаходжанне месцаў пазбаўлення волі і следчых ізалятараў у сістэме МУС не дазваляе размежаваць функцыі крымінальнага пераследу і выканання пакаранняў, забяспечыць недатыкальнасць абвінавачваных, якія знаходзяцца пад вартай», — лічаць праваабаронцы.

Перадаць Мінюсту паўнамоцтвы дэпартамента выканання пакаранняў МУС таксама патрабуюць сваякі асуджаных, якія ў лютым пачалі збор подпісаў пад адпаведнай петыцыяй. У ёй адзначаецца, што вядома дастаткова выпадкаў парушэнняў правоў асуджаных у месцах пазбаўлення волі (катаванняў, жорсткага абыходжання, рабскай працы, неаказання медыцынскай дапамогі, прымянення надуманых спагнанняў, адсутнасці страхавання жыцця асуджаных, прадузятага прымянення ўмоўна-датэрміновага вызвалення і замены на больш мяккае пакаранне). На думку сваякоў асуджаных, перадача пенітэнцыярнай сістэмы Мінюсту «можа змяніць сітуацыю: кіраваць папраўчымі ўстановамі стануць цывільныя людзі, якія не знаходзяцца ў падпарадкаванні сістэмы МУС, якая прызначана для выкрывання і злаўлення злачынцаў, а не для іх выпраўлення».