15 лютага ў нямецкім горадзе Вісбадэне на могілках праваслаўнай царквы Сьвятой Елізаветы пахавалі беларускага асьветніка і навукоўца, грамадзяніна ЗША Барыса Кіта, які памёр 1 лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108-м годзе жыцьця.

Барыса Кіта пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам
Правслаўныя могілкі Вісбадэна
Барыса Кіта пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам
Царква Сьвятой Елізаветы ў Вісбадэне

«Барыс прасіў, каб пахаваньне было ціхім і спакойным, — сказала Свабодзе жонка Кіта Тамара Казевіч. — Слава Богу, што ўсё так і прайшло, спакойна і годна».

Барыса Кіта пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам
Жонка Барыса Кіта Тамара Казевіч першая зьлева

На памінальную службу ў царкве і разьвітаньне з Барысам Кітом прыехала каля 30 чалавек, у тым ліку яго жонка Тамара, яе дачка Ірына і ўнук Аляксандар, які ў дзяцінстве часта бываў у Барыса Кіта.

Барыса Кіта пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам

З бэльгійскага Антвэрпэна прыехалі беларусы Мірон Крывіч і Мікола Раманаў. Падчас службы ў царкве Мірон Крывіч прасьпяваў па-беларуску псалом, дапамагаў сьвятару айцу Аляксандру. А на могілках Мірон узьняў бел-чырвона-белы сьцяг.

Барыса Кіта пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам
Мірон Крывіч з Антвэрпэна ўзьняў сьцяг

28-гадовы беларускі студэнт з Майнца Аляксей, які быў знаёмы і сябраваў з Барысам Кітом апошнія 4 гады, пакрыў ягоную труну бел-чырвона-белым сьцягам. Былі таксама беларусы зь іншых нямецкіх гарадоў. Прыехалі супрацоўнікі дома састарэлых, дзе Барыс Кіт правёў апошнія 5 гадоў жыцьця.

Барыса Кіта пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам
Супрацоўніца Дому састарэлых Ірына ў магілу высыпала Наваградзкую зямлю

Зь Менску на пахаваньне прыехалі сябры Барыса Кіта. Адзін зь іх, Юры Пашык, прывёз беларускую зямлю і высыпаў на труну. Ён жа прывёз бохан беларускага хлеба і стужку з нацыянальным арнамэнтам. Прысутным раздалі асобнікі газэты «Народная Воля» з артыкуламі памяці Барыса Кіта.

Барыса Кіта пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам
Юры Пашык сыпле зямлю зь Менску

«Гэта была глыба, а не чалавек. Ягоны характар, ягоны інтэлект выклікалі захапленьне. Я меў гонар быць знаёмым зь ім з 1990-х гадоў, мы разам арганізоўвалі міжнародны навуковы кангрэс у Менску», — сказаў Свабодзе Юры Пашык.

Барыса Кіта пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам
Жонка Барыса Кіта Тамара (другая зьлева) каля магліты Кіта

З амэрыканскай сям’і Барыса Кіта на пахаваньне ніхто прыехаць ня змог. Старэйшы сын Барыса Кіта ўжо памёр, а ў малодшага, 68-гадовага Віктара, днямі была апэрацыя на назе, ён абяцаў прыехаць на магілу бацькі пазьней. Апошні раз Віктар наведваў Барыса Кіта летась.

Пахаваньне адклалася амаль на два тыдні, бо шукалі дакумэнты на ўчастак па праваслаўных могілках, які Барыс Кіт выкупіў яшчэ ў 70-х гадах XX стагодзьдзя. Сьвятары ў царкве Сьвятой Елізаветы ўжо некалькі разоў памяняліся, таму адразу дакумэнты знайсьці не ўдалося.

Барыса Кіта пахавалі пад бел-чырвона-белым сьцягам
Магіла Барыса Кіта

Пасьля сьмерці Барыса Кіта застаўся архіў ягоных дакумэнтаў. Часткова гэтыя дакумэнты перададуць у Наваградзкі музэй, а часткова — у Менск, дзе сябры Барыса Кіта хочуць арганізаваць прысьвечаную яму музэйную экспазыцыю.