Фота Радыё Свабода

Кіраўнік прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч распавёў “Народнай Волі” пра перспектывы “справы прафсаюзаў”.

Нагадаем, што бухгалтар прафсаюза РЭП Ігар Комлік ўтрымліваўся пад вартай з 2 жніўня ў межах крымінальнай справы, узбуджанай супраць яго і старшыні прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча па ч.2 арт.243 Крымінальнага кодэкса РБ (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае пакаранне да 7 гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці. Паводле афіцыйнай інфармацыі Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі, у ходзе праверкі ў межах узбуджанай крымінальнай справы ўстаноўлена, што «старшыня і галоўны бухгалтар прафсаюзнай арганізацыі з мэтай асабістага ўзбагачэння адкрылі ад імя прафсаюза рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі буйныя сумы грашовых сродкаў».

2 кастрычніка Ігар Комлік быў вызвалены з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.

Зараз да “справы прафсаюзаў” далучыліся новыя следчыя і дапытваюцца сотні людзей у рэгіёнах, звязаныя з прафсаюзнай дзейнасцю.

— Учора даведаўся, што следства па справе працягнута да 1 мая, — кажа Генадзь Фядыніч. — Сказалі, што, маўляў, следчыя не паспяваюць апрацаваць усе дадзеныя, якія атрыманы пасля экспертызы нашай камп’ютарнай тэхнікі, допыту калег. Адным словам, ім патрэбен яшчэ час.

— Гэта праўда, што змянілася следчая група, якая займалася вашай справай?

— Так. Спачатку там было тры чалавекі (яны вялі справу амаль паўгода), але зараз гэтым будуць займацца два новыя следчыя. І ізноў-такі ўзнікае пытанне: чаму, калі вы не спраўляецеся з аб’ёмам інфармацыі, следчая група скарацілася? Нам гэта патлумачылі так: рашэнне прымала кіраўніцтва.

— Ці працягваюцца допыты актывістаў вашага прафсаюза?

— Трэба сказаць, што на гэты момант дапыталі ўжо больш за 250 чалавек па ўсёй краіне, і працэс працягваецца. Мы звярталіся ў Генпракуратуру, указвалі, што гэта ненармальная сітуацыя, але адтуль звароты накіроўвалі ў Следчы камітэт. Таму зараз ужо звярнуліся ў Адміністрацыю прэзідэнта.

— Сімвалічна, што следства працягнута да 1 мая. У гэты дзень ваш прафсаюз, наколькі вядома, плануе правядзенне акцыі…

— Так, і мы нават у жарт прапанавалі следчым далучацца. Мне адказалі коратка: “Мы не ходзім на такія мерапрыемствы”. Я яшчэ дадаў, што ў такім выпадку яны могуць быць запрошаны ў якасці ганаровых гасцей…