Галіна Каржанеўская на выбарчым пікеце, фота з сацыяльных сетак

13 лютага кандыдата ў дэпутаты ў Мінгарсавет па Матусевіцкай выбарчай акрузе № 33 Галіну Каржанеўскую Фрунзенская выбарчая камісія зняла з выбараў.

Як паведаміў адказны сакратар аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Дзяніс Садоўскі, “афіцыйная прычына зняцця з выбараў – распаўсюд удзельнікамі яе пікету газеты “Народная Воля”. У газеце сярод іншага быў надрукаваны і матэрыял пра Галіну Каржанеўскую. Гэта ўжо было другое папярэджанне, якое вынеслі кандыдату ў дэпутаты. Першае тычылася яе плакатаў.

«Камісія парушыла не толькі выбарчае заканадаўства, але мае месца факт парушэння свабоды сродкаў масу інфармацыі, бо падставай для зняцця незалежнага кандыдата стала тое, што на пікеце раздалі некалькі асобнікаў «Народнай Волі”, якая прадаецца ва ўсіх кіёсках, у тым ліку на тэрыторыі гэтай акругі. Лагічным наступным крокам Цэнтрвыбаркама будзе забарона ўсім незалежным СМІ друкаваць інфармацыю пра кандыдатаў, калі яна не праплачана”, — заявіў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.

Адзначым, што менавіта па Матусевіцкай выбарчай акрузе ў Мінгарсавет у чарговы раз балатуецца яго дзеючы старшыня Васіль Панасюк.

А вось як пракаментавала сітуацыю старшыня Фрунзенскай участковай камісіі Зінаіда Жаголкіна:

— Камісія мае права адхіляць кандыдата ад удзелу ў выбарчай кампаніі, калі ў яго было некалькі парушэнняў выбарчага заканадаўства. Зараз зафіксаваны паўторныя парушэнні пры правядзенні кампаніі кандыдатам у дэпутаты Галінай Каржанеўскай, і камісія калегіяльна адмяніла рашэнне аб рэгістрацыі.

— Паведамляецца, што паўторнае парушэнне Галіне Каржанеўскай было вынесена за тое, што яна на пікеце раздавала газету “Народная Воля”, дзе было надрукавана інтэрв’ю з ёй. Гэта супрацьзаконна для кандыдата ў дэпутаты?

Па-першае, пікет у Галіны Каржанеўскай быў не ў тым месцы, якое заяўлялася. Па-другое, яна раздавала друкаваную прадукцыю, якую кандыдат не купляў за грошы з выбарчага фонда. Паўтаруся, газета — гэта тавар, які павінен аплочвацца толькі з рахунка вышэйзгаданага фонда. Чытайце арт.47 Выбарчага кодэкса. У прыватнасці, там сказана, што пры правядзенні перадвыбарчай агітацыі “забараняецца раздаваць грашовыя сродкі, падарункі і іншыя матэрыяльныя каштоўнасці, праводзіць ільготны распродаж тавараў, бясплатна прадастаўляць любыя паслугі і тавары, за выключэннем агітацыйных друкаваных матэрыялаў, спецыяльна вырабленых з захаваннем патрабаванняў дзеючага Кодэкса для выбарчай кампаніі…”

А ў арт.48 Выбарчага кодэкса гаворыцца так: “Сродкі выбарчага фонда кандыдата ў дэпутаты маюць мэтавае прызначэнне і могуць выкарыстоўвацца на аплатуц выдаткаў, непасрэдна звязаных з правядзеннем перадвыбарчай агітацыі, у тым ліку, на аплату агітацыйных друкаваных матэрыялаў… Рэалізацыя тавараў, выкананне работ і аказанне паслуг грамадзянамі і юрыдычнымі асобамі для кандыдата ў дэпутаты афармляюцца суадноснымі дакументамі”.

Як стала вядома, 14 лютага Галіна Анатольеўна павінна атрымаць у Фрунзенскай выбарчай камісіі афіцыйнае рашэнне аб зняцці яе з выбараў і збіраецца абскардзіць яго ў Мінскай гарадской выбарчай камісіі.