Павел Шаройка. Фота svaboda.org
Павел Шаройка. svaboda.org

Вярхоўны суд Беларусі разглядае ў закрытым рэжыме справу аб шпіянажы ў дачыненні да грамадзяніна Украіны журналіста Паўла Шаройкі. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў судзе, не ўдакладніўшы дату пачатку працэсу. Ні КДБ, які займаўся расследаваннем, ні Генеральная пракуратура справу не каментуюць.
Акрэдытаваны ў Беларусі карэспандэнт Украінскага радыё Павел Шаройка быў затрыманы 25 кастрычніка 2017 года і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ. Вядома пра гэта стала толькі праз тры тыдні, 17 лістапада, пасля паведамлення ў «Фэйсбуку» кіраўніка Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураба Аласаніі.

На брыфінгу 20 лістапада афіцыйны прадстаўнік КДБ Дзмітрый Пабяржын паведаміў: Шаройка прызнаў, што з’яўляецца супрацоўнікам кадравага апарату ваеннай разведкі Украіны і працаваў у Беларусі пад прыкрыццём. Паводле інфармацыі КДБ, журналіст «стварыў агентурную сетку з грамадзян Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі яго заданні па зборы звестак разведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Дзейнасць Шаройкі, паводле інфармацыі КДБ, каардынаваў супрацоўнік галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Ігар Скварцоў, які дзейнічаў пад прыкрыццём пасады саветніка пасольства Украіны. Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата і 25 кастрычніка высланы з Беларусі.

Пабяржын таксама паведаміў, што пры зборы сакрэтных матэрыялаў быў затрыманы грамадзянін Беларусі, які ажыццяўляў шпіёнскую дзейнасць у інтарэсах Украіны. «Беларус прызнаў віну, паведаміў, што па заданні ўкраінскай ваеннай разведкі за грошы збіраў і перадаваў інфармацыю аб абараназдольнасці Рэспублікі Беларусь. У дачыненні да яго распачата крымінальная справа па артыкуле 356 (здрада дзяржаве)», — сказаў прадстаўнік КДБ.

Міністэрства абароны Украіны абвергла інфармацыю, абнародаваную КДБ.

26 лістапада ў праграме «Галоўны эфір» тэлеканала «Беларусь 1» былі паказаны відэаматэрыялы па гэтай справе. У адным з эпізодаў Павел Шаройка выказвае беларускаму боку прабачэнні: «Я хачу выказаць прабачэнні беларускаму боку. Сказаць шчыра словы, што я шкадую, што даў магчымасць уцягнуць сябе ў супрацьпраўную дзейнасць, якая магла або несла шкоду краіне».

Тэлеканал «Беларусь 1» паведаміў, што пры вобыску ў Шаройкі былі выяўленыя псеўданімы як мінімум 16 удзельнікаў агентурнай сеткі. «На думку беларускіх контрразведчыкаў, людзей маглі выкарыстоўваць і ўцёмную, калі агент — пастаўшчык інфармацыі і не здагадваецца, каму і навошта выдае звесткі», — гаварылася ў рэпартажы.