Ян Дзяржаўцаў, фота svaboda.org
Ян Дзяржаўцаў, фота svaboda.org

Кіраўнік грамадскай дырэкцыі Народнага мемарыялу Курапаты, адзін з кіраўнікоў КХП БНФ Алесь Чахольскі заклікае суддзяў выносіць справядлівыя прысуды.

— 5 і 6 лютага 2018 года ў судзе Віцебскага раёна адбылося чарговае пасяджэнне па разглядзе справы Яна Дзяржаўцава, сябра Кансерватыўна-Хрысціянскай Партыі – БНФ, кіраўніка грамадскай ініцыятывы “Хайсы – Віцебскія Курапаты”, якога абвінавацілі ў правапарушэнні, прадугледжаным арт.23.43 ч.2 КаАП РБ “Самавольнае пахаванне на могілках ці ў іншых месцах, не прадугледжаных заканадаўствам Рэспублікі Беларусь”, — распавядае Алесь Чахольскі. — Першая спроба асудзіць Яна адбылася 20 снежня 2017 года. Віцебскі абласны суд мусіў быў адмяніць прысуд аб штрафе ў пяць базавых велічынь і накіраваць на новы разгляд у суд Віцебскага раёна з новым складам суда. Зразумела, што ні ў кога ілюзій наконт нейкага станоўчага рашэння ў бок Дзяржаўцава не было. Ход пасяджэння суда 5 і 6 лютага, якое вяла суддзя Наталля Міхайлаўна Трацякова, прадэманстраваў, што ніякага незалежнага суда ў нас не існуе…

Коратка нагадаю гісторыю адкрыцця “Віцебскіх Курапатаў”.

У лістападзе 2014 года, а таксама ў красавіку 2015 года ў лясным масіве каля вёскі Хайсы былі знойдзены парэшткі людзей з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Фрагменты чалавечых касцей, абутку, адзення знаходзіліся ў раскапаных ямінах і каля іх з прыкметамі рабавання. Было відавочна, што тут раней былі пахаваны дзясяткі, а можа і сотні загінуўшых людзей, але месца не пазначана як воінскае (партызанскае) пахаванне часоў Другой сусветнай вайны.

Пасля апытання некалькіх дзясяткаў сведкаў з відэа- і фотафіксацыяй, пісьмовымі сведчаннямі, стала зразумела, што тут у 1937-1940 гадах знаходзіўся спецаб’ект НКВД, дзе забівалі людзей. У сваім пісьмовым тлумачэнні па справе ад 5 лютага 2018 года Ян Дзяржаўцаў падрабязна распавёў аб хроніцы падзей з 2014-га па 2017 год уключна. Аб перапісцы з органамі ўлады, праваахоўнымі і іншымі органамі, на падставе дзеючага заканадаўства рэжыму даказаў, што ніякага самавольнага пахавання ці перапахавання не было, таксама гэта засведчылі ў судзе з дзясятак сведкаў, у тым ліку былі зачытаны і мае сведчанні, але… Зноў прызначаны штраф у памеры пяці базавых велічынь. Суддзя Н.М.Траццякова вынесла гэтую пастанову на падставе сведчання старшыні Мазалаўскага сельвыканкама Дубіны і прадстаўніцы Віцебскага ЖКГ Воінавай, адкінуўшы ў бок усе довады абароны і сведчанні сведкаў. Замест таго, каб падзякаваць людзям, якія зрабілі і робяць чалавечую, годную, хрысціянскую справу, яны судзяць беларускіх патрыётаў…

З выступа Алеся Чахольскага ў судзе

Я, Алесь Чахольскі, як чалавек, які 20 гадоў займаецца “Курапатамі”, месцам пад Мінскам, дзе з 1937-га па 1941 год расійскім НКВД на тэрыторыі больш за 23 гектары расстраляна 250 тысяч грамадзян нашай краіны, сведчу, што Ян Дзяржаўцаў і ягоныя сябры па грамадскай ініцыятыве “Хайсы – Віцебскія Курапаты” робяць вельмі важную, годную, маральную, хрысціянскую справу па ўшанаванні памяці ахвяр сталінскага камуністычнага тэрору на тэрыторыі Беларусі ў 1920–1950 гадах.

Я некалькі разоў быў на месцы, дзе вандаламі, “чорнымі” капальнікамі разрыты расстрэльныя магілы, на паверхню выкінуты парэшткі нашых продкаў расстраляных НКВД. Быў і пасля вельмі неахайнай працы 52 пошукавага батальёна, які пакінуў пасля сябе раскіданыя косці, чарапы. Дарэчы, яшчэ не ўсё паспелі сабраць, таму што трэба абыйсці яшчэ не адзін гектар лесу. Быў я і на асвячэнні крыжоў беларускім святаром. Я ведаю пра шматгадовую перапіску з рознымі дзяжраўнымі ўстановамі, з тым жа Мазалаўскім сельсаветам, Віцебскім райвыканкамам і гэтак далей. І замест таго, каб выканаць свой службовы абавязак, ці ў рэшце рэшт падзякаваць людзям, якія зрабілі за вас справу, то вы пішаце даносы ў стылі сталінскіх камуністычных крывавых часоў, падчас якіх на Беларусі было знішчана 2 мільёны чалавек.

Усе ўявіце сабе такую карціну. Вы прыходзіце на магілы сваіх дзядоў ці бацькоў, а яны разрыты і парэшткі вашых родных валяюцца на паверхні. Пасля гэтага вы гадамі пішаце ў розныя інстанцыі, каб упарадкаваць парэшткі на месца іх ранейшага пахавання, вам пішуць адпіскі, а за гэты час, сабакі расцягваюць косці вашых родных. Але каб гэтага не здарылася раптам знаходзяцца людзі, якія проста сабралі гэтыя парэшткі ў труну, упарадкавалі хі, аднавілі магілу, то вы б пісалі даносы і займаліся гэтым маразмам, чым мы тут усе займаемся, ці сказалі – вялікі дзякуй гэтым людзям!

Не займайцеся хлуснёй і падманам. Ведаеце беларускую прымаўку: ”Не будзі ліха – пакуль ціха”. Таму не здзіўляйцеся калі бяда прыйдзе ў вашы сем’і альбо сем’і вашых дзяцей…