Фота з сайта Беларускае Радыё Рацыя

Суд над Анатолем Лябедзькам пачаўся а 14-15 у Жабінкаўскім судзе у прысутнасці каля дзясятка актывістаў і дзяржаўнага тэлеканала ОНТ. Суд дазволіў праводзіць фота- і відэаздымку. Суддзя — старшыня суда Віктар Новік.

Анатоль Лябедзька хадайнічаў аб выкліку свайго адваката, і суд хадайніцтва задаволіў. Наступнае паседжанне запланавана на 23 лютага а 10 раніцы.

***

Машына cтаршыні Аб’янанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі была затрымана ноччу на 10 лютага ў Жабінкаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Палітыка абвінавацілі ў кіраванні транспартным сродкам з пратэрмінаванымі правамі, а таксама ў непадпарадкаванні супрацоўнікам ДАІ.

Сам Лябедзька ўпэўнены, што мэтай яго затрымання стала актыўная дзейнасць падчас кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы.

Напярэдадні свайго затрымання Лябдзька знаходзіўся ў Брэсце, дзе разам з дэмакратычнымі актывістамі збіраў подпісы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце. Выехаўшы з Брэста, машына палітыка была спынена ў Жабінкаўскім раёне. Супрацоўнікі ДАІ выклікалі міліцыяераў, якія склалі адміністрацыйныя пратаколы.

Выхадныя Лябедзька правёў ў ізалятары часовага ўтрымання ў Кобрыне.

Вось што распавёў Народнай Волі” кобрынскі актывіст Аляксандр Мех:

 Мне дакладна вядома, што Лябедзьку ўтрымлівалі ў кобрынскім ІЧУ. Меркавалася, што і суд над палітыкам адбудзецца ў Кобрыне. Аднак у апошні момант сілавікі вырашылі везці Лябедзьку ў Жабінку. Нашыя актывісты раздзяліліся на групы – адна засталася ў Кобрыне, а я разам з іншымі паехаў у Жабінку.

Сюды прыкладна ў 12.00 прывезлі Лябедзьку. Пасля выхадных у кобрынскім ІЧУ ён выглядаў крыху памятым. Яно і не дзіўна, са словаў Анатоля Лябедзькі, тэмпература ў камерах Кобрынскага ІЧУ – 13-14 градусаў. Прама на прыступках суда ў Жабінцы Лябедзька даў імправізаваную прэс-канферэнцыю,  распавёўшы пра абставіны і ўмовы затрымання.

— Сэнс майго затрымання ў тым, каб ізаліраваць мяне да канца выбарчай кампаніі, каб я не ездзіў да людзей, не збіраў подпісы супраць будаўніцтва акумулятарнага завода. Мы ведаем, у гэтай кампаніі няма змагання за мандаты. Улады баяцца, што мы гаворым людзям праўду на пікетах. На дазволеных пікетах яны нічога з намі зрабіць не могуць, таму вось і падключаюць міліцыянтаў з КДБістамі. Ім патрэбна была падстава для майго затрымання. І я ім яе даў.

Лябедзька прызнаўся, што знаходзіўся за рулём машыны з пратэрмінаванымі правамі.

—  На мяне складзены два пратаколы. Адзін за тое, што я не мог кіраваць транспартным сродкам, а другі за непадпарадкаванне супрацоўнікам ДАІ. У мяне і сапраўды скончыўся тэрмін вадзіцельскіх правоў, а абмяняць я іх не магу, бо мне не даюць даведку. Хаця я прайшоў усе медыцынскія камісіі, неабходныя для гэтага. У мяне і сапраўды быў такі выпадак, калі я страціў прытомнасць за рулём, якраз праязджаючы побач з Адміністрацыяй прэзідэнта. Гэта бачылі і міліцыянеры, і людзі ў цывільным. Гэта і ёсць фармальнай падставай для таго, каб не выдаваць мне правы. Хаця з таго выпадку мінула шмат часу і я прайшоў усе неабходныя абследаванні.

Што тычыцца другога пратакола – “за непадпарадкаванне” – гэта лухта. Мяне выцягнулі з машыны сілай. Аляксандр Дабравольскі, які знаходзіўся са мной у аўто, усё бачыў на ўласныя вочы. Увогуле, сама гэта справа была злеплена за шэсць гадзін. На месца выязджаў і начальнік Кобрынскай міліцыі, і прадстаўнікі мясцовага КДБ. Дзе вы бачылі, што звычайнай адміністрацыйнай справай займаецца КДБ? І яны гэтага не саромяцца. Да машыны падыходзіць міліцыянт і кажа: “Камітэтчык сказаў, каб вы далі свае дакументы”. Пра што мы гаворым?”