Генадзь Гарбук, фота kupalauski.by
Генадзь Гарбук, фота kupalauski.by

У Мінску развіталася з выбітным акцёрам Генадзем Гарбуком.

Сёння Генадзь Гарбук у апошні раз сабраў залу Купалаўскага тэатра, якому аддаў 56 гадоў творчага жыцця.

Развітацца з вялікім акцёрам, які памёр 7 лютага на 84-м годзе жыцця, прыйшло шмат людзей. Яны не хавалі свайго смутку і слёз.

Развітальная паніхіда з Генадзем Гарбуком. Фота аўтара
Развітальная паніхіда з Генадзем Гарбуком. Фота аўтара

Грамадзянская паніхіда па Генадзю Гарбуку была непрацяглай і заняла паўгадзіны. Яе вёў мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра Мікалай Пінігін.

Што казаць? Столькі год Генадзь Гарбук аддаў гэтай сцэне, — адзначыў Пінігін. – Канечне, ён быў беларускім геніем. Не кожны год і не кожныя дзеясць год беларуская зямля нараджае такіх людзей, як ён. Ведаеце, зараз я ўспамінаю 80-годдзе Генадзя Гарбука. Ён выйшаў на гэтую сцэну і сказаў: “Я не буду прымаць віншаванні, седзячы ў фатэлі, я буду спяваць.” І ён спяваў разам з нашым аркестрам беларускія і рускія песні.  Я думаю, што ён сваю вялікую песню ў гэтым жыцці праспяваў.

Сябар Генадзя Гарбука, народны артыст СССР і народны артыст Беларусі Генадзь Аўсяннікаў сказаў падчас паніхіды:

— Зусім нядаўна на гэтай жа вось сцэне я звяртаўся да Генадзя Міхайлавіча тэкстам Аляксея Дударава з “Вечара”. Я казаў: “Аджыў сваё чалавек, прыйшла яго ноч. Прыйшоў наш вечар. І вось сёння прыходзіцца гаварыць гэтыя словы па-сапраўднаму. З Генадзем Міхайлавічам мы былі знаёмыя ажно з 1954 года.

Частку сваёй жалобнай прамовы Генададзь Аўсяннікаў вымавіў у цяперашнім часе, размаўляючы з сябрам, як з жывым:

— Усякае было ў нас — і добрае і благое. Генадзь Міхайлавіч, у твой адрас сёння будуць выказаны добрыя эпітэты, добрыя словы. Я табе скажу так: “Ты параніў маё сэрца, і гэты боль я буду насіць, пакуль не заплюшчацца мае вочы. Бывай…”

Народны артыст Беларусі Віктар Манаеў узгадаў вось такі эпізод з жыцця Генадзя Гарбука.

— Кагорта вялікіх Купалаўцаў, што пайшлі ад нас, сёння папоўнілася яшчэ адным вялікім Купалаўцам – нашчадкам Глебава, Платонава, Кармуніна. Вельмі лёгка быць добрым партнёрам, калі побач такія партнёры, як Генадзь Гарбук. Мне пашчасціла, я памятаю яго блакітныя бяздонныя вочы. У адным са спектакляў я іграў яго сына – Пецьку. І была ў Гарбука там такая фраза: “Вучыся, Пецька, я табе ўсё жыццё дапамагаць буду.» І пасля гэтай гарбукаўскай інтанацыі гэта фраза стала ў нас у тэатры крылатай. Так ён яе вымаўляў. І калі акцёры хацелі падзякаваць адзін аднаму за нешта, то вымаўлялі менавіта гэтую крылатую фразу, з той інтанацыяй, як гэта рабіў Генадзь Міхайлавіч.

Сапраўды, нам шмат чаму было вучыцца ў яго. Генадзь Гарбук не мог выйсці на сцэну без грыма. Многія лічаць, што гэта зараз ужо не модна, як кажуць, не “у трэндзе”. Але Гарбук спалучаў сваю глыбокую рэалістычнасць з яркай вонкасцю вобраза. Для Гарбука тэатр быў сапраўды сакральным месцам, дзе нельга проста так выйсці да гледача. Ён рыхтаваў сваё цела і душу да кожнага спектакля, і выходзіў да гледача ў паўнавартасным вобразе. У яго можна было павучыцца вымаўленю. Гарбук заўжды казаў: “Што твая арганіка, калі глядач цябе не пачуе… Шчырае, адкрытае сэрца Генадзя Гарбука, будзе з намі Купалацамі, заўжды”.

Прыйшоў на грамадзянскую паніхіду па Генадзю Гарбуку паэт Уладзімір Някляеў. Са сцэны ён нічога прамаўляць не стаў, сказаў толькі колькі словаў “Народнай Волі”.

— Усё цяжэй перажываць сыход людзей, якія зрабілі істотны ўнёсак у нацыянальную беларускую культуру. Гарбук быў менавіта такім чалавекам. З гэтымі людзьмі сыходзіць той тэатр, які быў тэатрам майго юнацтва, тэатр маёй маладосці. Купалаўскі застаецца маім любімым тэатрам, але ўжо іншым. Не толькі вонкава, але з часам змяніўся Купалаўскі дух. І замяніць такіх людзей, як Генадзь Гарбук, людзей на спектаклях з удзелам якіх я увесь трымцеў, не так проста…

Спачуванні родным і блізкім Генадзя Гарбука даслаў Аляксандр Лукашэнка.

… Труну з целам Генадзя Гарбука вынеслі з Купалаўскага тэатра пад гучныя апладысменты. Пахавалі акцёра на Маскоўскіх могілках у Мінску.