Фінансава-палітычны хаўрус бальшавікоў і кайзера

156

Пасля папярэдняй публікацыі ў “Народнай Волі” фрагментаў дакументаў пра бальшавіцка-кайзераўскую змову, якая мела месца падчас Першай сусветнай вайны і асабліва ў 1917–1918 гг., я атрымаў нямала водгукаў і розных пытанняў, у тым ліку ад прафесійных гісторыкаў.

Першае пытанне было наконт крыніц, якімі я карыстаўся, рыхтуючы папярэднюю публікацыю.

У сапраўднасці такіх крыніц нямала. Найбольш грунтоўная сярод іх – публікацыя архіўных дакументаў германскага Міністэрства замежных спраў пад назвай “Германія і рэвалюцыя ў Расіі: 1915–1918 гг.”, падрыхтаваная прафесарам універсітэта ў Оксфардзе, этнічным чэхам Збынекам Земанам (выйшла ва ўніверсітэцкім выдавецтве ў 1958 г.). У гэтай кнізе змешчаны тэксты 136 аўтэнтычных дакументаў (плюс два дадаткі да іх) названага міністэрства, якія паўсталі ў перыяд з 9 студзеня 1915 г. па 25 чэрвеня 1918 г. Істотным дадаткам да названай кнігі з’яўляюцца факсімільныя копіі дакументаў, змешчаныя ў двухтомным даследаванні расійскага гісторыка Акіма Аруцюнава “Ленін. Асабістая і палітычная біяграфія” (Масква, 2003). Да гэтых прац трэба дадаць яшчэ такія, як “Нямецка-бальшавіцкая канспірацыя” (Вашынгтон, 1918), мемуары швейцарскага сацыял-дэмакрата Фрыца Платэна “Ленін: з эміграцыі ў Расію” (Масква, 1925), даследаванне гісторыка Сяргея Мельгунова “Залаты нямецкі ключ да бальшавіцкай рэвалюцыі” (Парыж, 1940) і іншыя.

Што можна яшчэ вычытаць у гэтых крыніцах (пераклады з нямецкай, англійскай і рускай моў нашы. – Л. Б.)? Ну вось, напрыклад, такое.

Германскі ваенны аташэ пры кайзераўскім прадстаўніцтве ў Берне Насэ паведамляў 9 мая 1917 г. у Берлін пра інфармацыю, атрыманую ад свайго агента Баера, які меў гутарку з упаўнаважаным прадстаўніком бальшавііцкага кіраўніцтва доктарам Рыгорам Шклоўскім. “Мне было сказана – цытую словы Баера, – што прадстаўнікі пацыфісцкага крыла сацыял-дэмакратаў былі б надзвычай зацікаўлены, каб сістэматычная, інтэнсіўная і эфектыўная агітацыя за мір у Расіі была падтрымана добравядомымі нейтральнымі таварышамі. Пасля гэтага яны выказалі ясную і, я сказаў бы, энтузіястычную гатоўнасць прыняць фінансавую падтрымку на спецыфічныя мэты працы дзеля міру. Я сказаў, што я, са свайго боку, быў бы шчаслівы ахвяраваць значныя сумы дзеля такой высакароднай, гуманнай і інтэрнацыяналісцкай мэты. Больш за тое, руская рэвалюцыя мае напраўду магутнае маральнае ўздзеянне і ўжо зрабіла такія велізарныя імпульсы, што іншыя, асабіста знаёмыя мне асобы таксама палічылі б за вялікі гонар ахвяраваць вялікія сумы на падтрымку рускай рэвалюцыі з мэтаю дапамагчы як мага хутчэй дасягнуць міру. Усе гэтыя прапановы былі прыняты з вялікай удзячнасцю”. Далей у цытаваным дакуменце ўдакладнялася, што асобы донараў павінны былі стаць гарантыяй, што крыніцы выдзялення грошай не маглі быць высветлены, што кур’еры, якія павінны будуць перавозіць германскую дапамогу праз расійскую мяжу, мусяць мець “афіцыйныя або паўафіцыйныя рэкамендацыі”, што грошы павінны перадавацца выключна ў выглядзе наяўных грошай.

Бальшавікі, прымаючы гэтыя грошы, не забываліся на свой дабрабыт. У архіве, напрыклад, захавалася распіска Іосіфа Сталіна наступнага зместу: “250 руб. атрымаў з касы Ц.К. у кошт заробку за жнівень. І. Сталін. 6/VIII 1917 г.”. (У якасці даведкі: жалаванне паручніка расійскай арміі у той час складала 55 рублёў у месяц.)

12 верасня 1917 г. памочнік пасланніка кайзераўскага ўрада ў Стакгольме Свенсан дасылае праз Гельсінгфорс у Кранштат наступную тэлеграму: “Даручэнне выканана, пашпарты і названая сума 207 000 марак паводле ордара Вашага правадыра Леніна згаданым у Вашым лісце асобам уручаны. Выбар ухвалены Яго міласцю спадаром Пасланнікам. Прыбыццё вышэйзгаданых асоб і атрыманне іх контрраспісак пацвердзьце”.

29 верасня 1917 г. статс-сакратар кайзераўскага МЗС Рыхард фон Кюльман у запісцы, адрасаванай прадстаўніку МЗС пры Галоўным камандаванні германскіх войскаў, паведамляе: “Бальшавіцкі рух ніколі б не дасягнуў таго маштабу і ўплыву, які ён мае сёння, без нашай паслядоўнай падтрымкі”. У сваёй тэлеграме на імя вышэйзгаданага статс-сакратара № 1493 за 6 кастрычніка 1917 г. галоўнакамандуючы германскімі войскамі на Усходзе генерал Эрых Людэндорф (будучы член нацысцкай партыі Гітлера) высока ацэньвае “падрыўныя дзеянні ў Расіі з боку МЗС і Палітычнай секцыі пры намесніку Генеральнага штаба” і выказвае падзяку за пералічэнне дзеля гэтых мэт вялікіх грашовых сум.

Адразу пасля прыходу да ўлады бальшавікоў у Петраградзе той жа генерал Людэндорф у тэлеграме на імя высокапастаўленых генералаў кайзераўскай арміі на Усходнім фронце фон Макензена, фон Зекта, фон Грамана выказвае задавальненне з нагоды перамогі бальшавікоў, але непакоіцца з той нагоды, што Петраградскі Савет будзе супраціўляцца вываду вайсковых часцей з Усходняга фронту ў Петраград, у сувязі з чым просіць узмацніць адпаведную прапаганду.

У сваю чаргу вышэйзгаданы статс-сакратар Кюльман звяртаецца да міністра дзяржаўнай казны кайзераўскага ўрада з наступнай просьбай: “Маю гонар хадайнічаць перад Вашай міласцю аб выдзяленні сумы ў памеры 15 мільёнаў марак у распараджэнне Міністэрства замежных спраў з мэтай вядзення палітычнай прапаганды ў Расіі… са сродкаў надзвычайнага бюджэту”, а міністр дзяржаўнай казны задавольняе гэтую просьбу ўжо назаўтра, 10 лістапада 1917 г.

Бальшавікі надалей патрабавалі грошай. У запісцы намеснікаў статс-сакратара германскага МЗС Дыега фон Бергена і Гільмара фон дэм Бушэ за 28 лістапада 1917 г. гаворыцца: “Згодна з атрыманай намі тут інфармацыяй, урад у Петраградзе сутыкаецца з вялізнымі фінансавымі цяжкасцямі. У сувязі з гэтым вельмі пажадана, каб грошы былі ім пералічаны”. З іншых крыніц можна зрабіць выснову, што гаворка ішла пра другую частку выдзеленай раней сумы ў памеры 2 млн марак.

У тэлеграме нямецкага пасла ў Маскве графа Вільгельма фон Мірбаха ў МЗС кайзераўскага ўрада за 3 чэрвеня 1918 г. пасол просіць выдзяляць на патрэбы працы ў гэтай краіне, а фактычна на падтрымку функцыянавання бальшавіцкага ўрада, па 3 млн марак штомесяц, зазначаючы пры гэтым, што “ў выпадку змянення палітычнай лініі спатрэбяцца істотна большыя сумы”.

Дапамога бальшавікам пасля іх прыходу да ўлады з боку кайзераўскага ўрада мела не толькі фінансавы характар, а і дыпламатычны. Так, у тэлеграме не раз ужо згаданага намі статс-сакратара Кюльмана свайму паслу ў Стакгольме выказваецца настойлівая рэкамендацыя адмовіцца ад прызнання пасла Часовага ўрада і “як мага хутчэй” прызнаць бальшавіцкага дыппрадстаўніка ў краінах Скандынавіі Вацлава Вароўскага.

У сваю чаргу генерал Людэндорф сфармуляваў пазіцыю вайсковага камандавання Усходняга фронту на перамовах з бальшавікамі ў тэлеграме за 16 снежня 1917 г., дзе, у прыватнасці, адным пунктам фіксавалася прызнанне права на нацыянальнае самавызначэнне і вывад расійскіх войскаў з Фінляндыі, Эстоніі, Лівоніі, Малдовы, Усходняй Галіцыі і Арменіі. Беларусь у дакуменце нават не згадвалася.

Аднак, як сведчыць яшчэ адзін дакумент, тэлеграма дарадцы кайзераўскага пасольства ў Маскве Курта Рыцлера ў МЗС на імя вышэйзгаданага фон Бергена за 4 чэрвеня 1918 г., пасля заключэння Брэсцкай дамовы кайзераўскі ўрад не бачыў таксама далейшых перспектыў нацыянальных рухаў на былой тэрыторыі Расійскай імперыі: у будучым, паводле яго, Украіну трэба было б “уз’яднаць з Расіяй”, а далей напісана яшчэ больш адкрыта і цынічна: “Эстонію і Лівонію мы б маглі прадаць назад Маскве”.

У кантэксце цытаваных вышэй дакументаў робіцца відавочнай узгодненасць дзеянняў Леніна і кайзера Вільгельма ў пытаннях дачыненняў з нацыянальнымі рухамі былых ускраін Расійскай імперыі. Разгон бальшавікамі Першага Усебеларускага з’езда, супрацьстаянне з іх боку ўтварэнню рэальнай беларускай дзяржаўнасці цалкам стасуюцца з палітыкай бальшавіцка-кайзераўскага фінансава-палітычнага альянсу, падмуркі якога закладаліся яшчэ ў 1915 годзе і мелі самы канкрэтны працяг у 1917 і 1918 гадах.

Можна толькі здагадвацца, з якой палітычнай мэтай дэкрэтам бальшавіцкага Саўнаркама 13 лютага 1918 г. (за шэсць дзён да абвяшчэння Першай Устаўной граматы БНР) быў створаны “Беларускі нацыянальны камісарыят” (Белнацкам) з цэнтральнай сядзібай у Маскве і за якія грошы ён падтрымліваў сваё існаванне…

Артыкул Лявона Баршчэўскага — ў газеце “Народная Воля” за 9 лютага 2018 года