У найбліжэйшы час на самых загружаных вуліцах Мінска з’явяцца платныя паркоўкі, паведаміў на прэс-канферэнцыі 7 лютага дырэктар дзяржустановы «Паркоўкі сталіцы» Алег Ляшчынскі.

Паводле яго слоў, асаблівая ўвага будзе нададзена самаму праблемнаму Цэнтральнаму раёну. «Платныя паркоўкі ў горадзе карыстаюцца папулярнасцю», — сказаў Ляшчынскі. Пры гэтым, дадаў ён, людзям важна расказаць, што галоўнае сёння не сабраць грошы з машына-месцаў, а наладзіць сістэму, арганізаваць паркоўкі так, каб ад машын, якія стаяць уздоўж абочыны, разгрузіліся вуліцы, у тым ліку ўезды ў двары.

«У найбліжэйшы час платныя зоны з’явяцца на самых загружаных вуліцах сталіцы, — сказаў Ляшчынскі. — Гэта — вуліцы К.Маркса, Кірава, Свярдлова, Ульянаўская, Акадэмічная, Петруся Броўкі, Платонава, Кузьмы Чорнага, Сухая, Караля».

Прынцып працы любой паркоўкі — меркаваная пастаянная загружанасць на 80—85%, каб яшчэ каля 20% машына-месцаў было свабодна, паведаміў ён. «Гэта дае ўпэўненасць у тым, што, прыехаўшы ў той ці іншы раён, чалавек без цяжкасці прыпаркуе аўтамабіль на кароткі час», — адзначыў Ляшчынскі.

Паводле яго слоў, сённяшняя задача — пераканаць грамадзян адмовіцца ад працяглай, так званай офіснай, паркоўкі, на 8—10 гадзін у цэнтры сталіцы.

Цяпер у сталіцы працуюць 39 парковак на 2,5 тыс. машына-месцаў. 5 лютага ў тэставым рэжыме пачала працаваць платная паркоўка на вул. К.Маркса. Да канца гэтага года плануецца павялічыць колькасць парковак да 70 на 5—7,5 тыс. машына-месцаў, а да канца 2020-га мяркуецца забяспечыць горад платнымі паркоўкамі на 20—25 тыс. машына-месцаў у межах другога транспартнага кальца.

На пытанне, як фарміруюцца тарыфы на паркоўку, Ляшчынскі прывёў досвед краін Балтыі, Украіны, Расіі, і ў прыватнасці Масквы, дзе працуе сістэма гарадскога цэнавага занавання: самые дарагія месцы — у цэнтры.

Аднак, адзначыў ён, кожная паркоўка ў горадзе ўнікальная. Цяпер у Мінску распрацоўваецца «пашпарт паркоўкі», у якім адзін з раздзелаў прадугледжвае ў выглядзе графікаў і матэматычных разлікаў, якая цэнавая палітыка павінна быць на той ці іншай аўтастаянцы.

З канца снежня 2017 года ў Мінску дзейнічаюць наступныя тарыфы: 1 рубель за гадзіну паркоўкі на вулічнай дарожнай сетцы адкрытага тыпу, 2 рублі — на крытай, абсталяванай шлагбаўмам. У Верхнім горадзе першая гадзіна каштуе 5 рублёў, другая і наступныя — 2 рублі. Усе грошы, якія пералічваюцца на паркоўку, ідуць у бюджэт горада.