Фота: president.gov.by

На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Латвіі Марысам Кучынскісам 8 лютага ў Мінску Аляксандр Лукашэнка падзякаваў за тое, што Латвія не крытыкуе Беларусь у сувязі з будаўніцтвам атамнай электрастанцыі.

На думку Лукашэнкі, астравецкая АЭС прынясе карысць не толькі цяперашняму, але і будучым пакаленням і «можа стаць агульным здабыткам краін рэгіёна». «Гэтая станцыя беларуская. Мы ідзем да глабалізацыі, межы ўсё больш сціраюцца. Прыйдзе час, калі гэта будзе здабытак агульны — Беларусі і Латвіі», — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка адзначыў, што АЭС таксама хоча пабудаваць Польшча, але супраць гэтага ніхто не выступае. «Мы станцыю ўсё роўна пабудуем. Мы ж яе будуем на прынцыпах міжнароднага права. І я часта кажу: давайце будзем разам думаць, як яе выкарыстоўваць», — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы чарговым разам заявіў, што лічыць магчымым прыцягнуць да працы на БелАЭС спецыялістаў з Літвы, якія раней былі задзейнічаныя на Ігналінскай АЭС, але страцілі працу пасля яе закрыцця. «Мы гэтага не баімся, хоць гэта вельмі сур’ёзны аб’ект», — дадаў Лукашэнка.

Беларусь, падкрэсліў ён, зацікаўленая ў бяспецы сваёй атамнай станцыі больш за іншыя дзяржавы. «Мы нясем за гэта адказнасць. Чамусьці ўсюды будуюць станцыі, і ніхто асабліва не абураецца. І Расія будуе шмат гэтых станцый і блокаў па ўсім свеце. Таму мы яе пабудуем, і нам з гэтага трэба здабываць узаемныя выгады», — сказаў Лукашэнка.

На думку афіцыйнага лідара, Беларусь і Латвія могуць значна палепшыць свае адносіны. «Шчыра скажу, мне прыемна бачыць вас у Беларусі. Добра, што вы прыехалі, —- сказаў ён Кучынскісу. — Прынята лічыць (па крайняй меры, усё пазнаецца ў параўнанні з іншымі нашымі суседзямі), у нас з Латвіяй добрыя адносіны, але мяне не пакідае думка пра тое, што яны могуць быць значна лепшымі. Мы шмат нашых магчымасцяў не рэалізуем. І ў гэтым плане ваш візіт у Беларусь вельмі жаданы і знакавы».

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь «прытрымліваецца практыкі і палітыкі не ствараць праблем суседзям». «Не трэба, каб суседзі на цябе коса глядзелі. Мы з гэтага сыходзім і ў дачыненні да Літвы, Латвіі, Эстоніі. Мы ніколі вас не папракнулі ў тым, што вы ўступілі ў Еўрапейскі саюз. Наадварот, спрабуем з гэтага атрымаць карысць, мы рады, калі ў вас атрымліваецца. Але вы павінны дакладна разумець, што Расія для нас не проста сяброўская краіна — там жыве братэрскі народ», — заявіў Лукашэнка. Беларусь, дадаў ён, «ніколі не будзе сябраваць з любой краінай супраць Расіі, як з іншымі краінамі супраць Латвіі».

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў неабходнасць захавання міру і спакою ў рэгіёне. «Хопіць таго, што і так ужо некалькі гадоў не можа вырашыцца канфлікт ва Украіне. Дай бог, каб гэта не атрымала сваё негатыўнае развіццё. Таму давайце захаваем у гэтым краі, геаграфічным цэнтры Еўропы, мір і спакой. У гэтым плане вы можаце на Беларусь разлічваць», — запэўніў Лукашэнку прэм’ер-міністра Латвіі.

Марыс Кучынскіс знаходзіцца з рабочым візітам у Беларусі 7—8 лютага. Напярэдадні сустрэчы з Лукашэнкам ён правёў перамовы з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым. Кучынскіс і Кабякоў падпісалі міжурадавыя пагадненні аб паведамленні аб ядзерных інцыдэнтах, абмене інфармацыяй і супрацоўніцтве ў галіне ядзернай бяспекі і радыяцыйнай абароны, аб супрацоўніцтве ў галіне грамадзянскай авіяцыі, а таксама мемарандум аб узаемаразуменні па асноўных напрамках эканамічнага супрацоўніцтва ў сярэднетэрміновай перспектыве.