Фота БелаПАН. Носіць ілюстратыўны характар

У прэс-службе ГУУС Мінгарвыканкама пацвердзілі затрыманне групы іншаземцаў на сталічным рынку «Лебядзіны» 6 лютага.

Пра затрыманне парталу tut.by паведамілі відавочцы, паводле слоў якіх, днём у аўторак людзі ў цывільным хадзілі паміж фур, дзе прадаюць агародніну, адлоўлівалі прадаўцоў і адводзілі іх у міліцэйскі аўтазак. Былі затрыманыя прыблізна дзесяць чалавек.

Як паведаміў БелаПАН прадстаўнік прэс-службы ГУУС Мінгарвыканкама Кірыл Майсеня, праверку на «Лебядзіным» праводзілі супрацоўнікі дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі — яны правяралі дакументы ў іншаземцаў. «Гэта нармальная з’ява ў мэтах высвятлення асобы. Такія праверкі перыядычна праходзяць», — дадаў Майсеня.

Пры гэтым ён не стаў адказваць на пытанне, колькі чалавек затрыманыя і якія меры ў іх дачыненні прынятыя.

У адміністрацыі ГД «Ждановічы», на тэрыторыі якога размешчаны «Лебядзіны», пацвердзілі, што такія праверкі праводзяцца перыядычна.

Згодна са звесткамі ГУУС, у 2017 годзе толькі ў межах аперацыі «Нелегал», якая прайшла 27—30 верасня, да адміністрацыйнай адказнасці ў Мінску прыцягнулі 500 замежнікаў, з іх 33 вырашылі дэпартаваць. Аформлена штрафаў на 33 тысячы долараў.