Віцэ-прэм’ер Расіі Аркадзь Дварковіч, выступаючы 6 лютага на з’ездзе Нацыянальнага саюза вытворцаў малака ў Маскве, заклікаў больш актыўна змагацца з увозам санкцыйнай малочнай прадукцыі ў РФ цераз Беларусь.

«Мы дастаткова канструктыўна працуем з беларускімі калегамі, абмяркоўваем рэгулярна нашы балансы попыту, прапановы. Мы заклікаем нашых калегаў больш актыўна змагацца з незаконнымі пастаўкамі цераз Беларусь у Расію з іншых краін. Я маю на ўвазе Прыбалтыку, Украіну, Польшчу — іншых краін, у якіх вырабляецца і пастаўляецца да нас малако», — цытуе Дварковіча РИА Новости.

«Частка партыі спыняецца, частка — усё роўна трапляе на наш рынак, і гэта адмоўна ўплывае на баланс вытворчасці і спажывання. Мы разлічваем на ўзмацненне працы ў гэтай сферы», — дадаў віцэ-прэм’ер.

Такія прэтэнзіі на адрас Беларусі з расійскага боку гучалі і раней. Так, прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі РФ летась заяўлялі, што Беларусь стала самай буйной перавалачнай базай забароненай прадукцыі: пад выглядам беларускай прадукцыі на расійскую тэрыторыю рээкспартуе санкцыйныя (у тым ліку малочныя) тавары з ЕС і Украіны. У жніўні 2017 года расійскія СМІ паведамлялі, што Федэральная мытная служба выявіла схему рээкспарту ў РФ санкцыйнай прадукцыі з Беларусі. Рассельгаснагляд у сваю чаргу заяўляў, што, паводле яго звестак, пад выглядам фальшывага транзіту прадукцыі дзейнічае схема паставак у Расію з беларускіх прадпрыемстваў, якія трапілі пад санкцыі.

Фота з сайта vladtime.ru