Фото: yandex.by

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і лідар руху “За свабоду” Юрый Губарэвіч атрымалі пісьмовы адказ з Міністэрства абароны Беларусі. Гэты ліст за подпісам міністра абароны краіны прыйшоў палітыкам па выніках асабістай сустрэчы з Андрэем Раўковым.

Андрэй Раўкоў: Прапановы апазіцыі – немэтазгодныя

Пра візіт Лябедзькі і Губарэвіча ў Навагрудак “Народная Воля” пісала падрабязна. Сустрэча адбылася ў сярэдзіне студзеня і па яе выніках і Лябедзька, і Губарэвіч выказвалі стрыманы аптымізм. Маўляў, міністр нас пачуў і абяцаў даслаць пісьмовы адказ на прапановы, якія прагучалі падчас дыялогу.

А паехалі Лябедзька з Губарэвічам да міністра абароны Беларусі з канкрэтнымі пытаннямі і прапановамі. Лябедзька заклікаў Раўкова да дыялогу, маўляў, і ўладзе і апазіцыі трэба сесці за круглы стол, бо пытанне бяспекі краіны тычыцца кожнага беларуса. Таксама Анатоль Уладзіміравіч настойваў на тым, каб беларуская армія была больш адкрытай для грамадства, маўляў трэба наладзіць пастаянны грамадзянскі кантроль за тым, што адбываецца ў армейскіх казармах. Асабліва актуальна гэтая прапанова гучала пасля смерці салдата Аляксандра Коржыча ў Пячах.

Юрый Губарэвіч прапанаваў міністру абароны перайменаваць сувораўскую вучэльню ў гонар некага з беларусаў, напрыклад Касцюшкі.

Міністр абароны Беларусі, як выявілася, аказаўся чалавекам слова. Ён даслаў Лябедзьку з Губарэвічам адзін на дваіх пісьмовы адказ. У ім утрымліваецца ўсяго два сказы: “Вашыя прапановы, выказаныя падчас асабістага прыёма грамадзян, які быў праведзены 17 студзеня 2018 года ў Навагрудскім раённым выканаўчым камітэце, разгледжаны. Лічу іх рэлізацыю немэтазгоднай.”

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька пракаментаваў “Народнай Волі” адказ міністра абароны.

— Гэты адказ цалкам чаканы, — прызнаецца палітык. – Стрыманы аптымізм, які быў у нас пасля сустрэчы з міністрам, знік. Міністэрства абароны мазгамі засталося ў часах СССР – яно не гатова рабіцца больш адкрытым для людзей. А гэта значыць, што выпадкі бясчынстваў у беларускай арміі, магчыма, будуць паўтарацца, а ваеннае ведамства і далей будзе рабіць усё магчымае, каб пра іх не даведалася грамадства. Але пры такім падыходзе Міністэрства абароны Беларусі ідзе страявым крокам у тупік.