Княскі церам і Ніжняя царква
Княскі церам і Ніжняя царква

Гродна – адзін з найпрыгажэйшых гарадоў Беларусі, у якім захавалася непаўторнае спалучэнне помнікаў розных гістарычных перыядаў. Самы таямнічы з іх – так званая Ніжняя царква, папярэдніца сапраўднага брэнда горада – Барысаглебскай. Яе парэшткі былі знойдзеныя толькі праз 750 гадоў пасля таго, як яна была знішчана прыроднай стыхіяй.

У 1932-1933 гадах на Замкавай гары ў Гродне пачаліся археалагічныя даследаванні, выкліканыя рэкордным пад’ёмам узроўню вады ў рацэ Нёман на 9 метраў і неабходнасцю ў сувязі з гэтым умацаваць схіл ўзвышша, на якім стаіць Стары замак. Вынікі раскопак хутка сталі сенсацыяй і параўноўваліся са знаходкамі Шлімана ў легендарнай Троі. Падчас працы быў выяўлены спачатку княскі церам ХІІ стст., затым яшчэ дзве мураваныя пабудовы, размешчаныя адна над другой. Яны атрымалі назвы адпаведна “Верхняя царква”, што была пабудавана ў часы князя Вітаўта (канец ХІV – пачатак ХV стст.), і “Ніжняя царква” (ХІІ ст.).

Замкавая Гара ў Гродне напачатку 1930-х гадоў
Замкавая Гара ў Гродне напачатку 1930-х гадоў

Археалагічныя даследаванні Ніжняй царквы пацвердзілі адзіную вядомую летапісную згадку пра сам Гродна ХІІ ст. пад 1183 г.: “Таго ж лета Горадзен пагарэў увесь і цэрквы каменныя ад бліскання маланак і раскатаў грому”. Сведчаннем гэтага з’яўляецца 27-кілаграмовы фрагмент бронзавага звона са слядамі бярвенняў, а таксама шматлікія расплаўленыя свінцовыя пласціны, якімі быў пакрыты дах. Гэта было тым важней, што, дзякуючы расійскаму гісторыку Карамзіну, пад летапісным Гродна разумелі мястэчка Гарадно пад Пінскам.

Адна са знаходак на Замкавай гары
Адна са знаходак на Замкавай гары

У 2014 годзе ў мясцовым гісторыка-археалагічным музеі была зроблена ўнікальная выстава пад назваю “Гродзенская Троя”, якая ўпершыню ў поўным аб’ёме дэманстравала шматлікія ўнікальныя знаходкі. Сярод іх былі арнаментаваныя ўпрыгожванні алтарнай перагародкі: пласціна з гравіраванаю выяваю св. Фядота ў круглым медальёне, выявы апостала Паўла. Падчас раскопак была знойдзена і мініяцюрная фігурка Хрыста ад пераплёта кнігі, і слязніцы, якія выкарыстоўвалі як крыніцы прыемнага водару.

Месца раскопак на Замкавай гары
Месца раскопак на Замкавай гары

Сцены Ніжняй царквы захаваліся на вышыні да 2-3,5 м. Храм шасцістоўпны, памерам 18,4х11,7 м. Купал знаходзіўся над заходняй парай слупоў. Усе слупы квадратныя са зрэзанымі вугламі. Звонку ў муроўку сценаў уведзеныя шліфаваныя камяні, керамічныя пліткі і круглыя сподкі.

Сцены Ніжняй царквы ў 1930-я гады
Сцены Ніжняй царквы ў 1930-я гады

Ніжняя царква мела надзвычайнае падабенства да Каложы, як па матэрыялах, тэхналогіі будоўлі, так і па дэкаратыўным афармленні, што пазней дапамагло вылучыць мясцовую архітэктурную школу (так званая Гродзенская архітэктурная школа), якая вельмі своеасаблівая як па сваіх тэхнічных прыёмах, так і па асноўных кампазіцыйных прынцыпах.

Удзельнікі раскопак на Замкавай гары
Удзельнікі раскопак на Замкавай гары

Сцены Ніжняй і Барысаглебскай царквы, а таксама княскага церама выкладаліся з цэглы, сярод якой сустракаюцца вырабы з нанесенымі на іх знакамі, выпуклымі, выразанымі на доўгім баку формы. Сярод некалькіх дзясяткаў розных знакаў знаходзяцца пяць літарных (Т, Н, N, М, А). Ёсць знакі ў выглядзе крыжа з пашыранымі канцамі, у выглядзе стралы, двухбаковага відэльца, малатка з раздвоенай на канцы ручкай. Згодна М.М. Вароніну, частка гэтых знакаў належыць да тыпу княскіх тамгаў –фамільных пячатак. Адзін з варыянтаў гэтага знака (трызубец з крыжам унізе) мае падабенства са знакам на цэгле царквы Дзмітрыя ва Уладзімеры-Валынскім 1-й паловы ХІІ ст. і гаршковым кляймом з Пліснеска (ХІ-ХІІ стст.). Магчыма, што знак двузубца з крыжом увёў гарадзенскі князь Усеваладка Давідавіч, ад якога ён і перайшоў да яго пераемнікаў.

Барысаглебская царква ў Гродне
Барысаглебская царква ў Гродне

Адной з асаблівасцей Гродзенскай архітэктурнай школы з’яўляецца ўпрыгожанне фасадаў будынкаў рознакаляровымі камянямі-ўстаўкамі і маёлікавымі пліткамі. Спалучэнне чырвонай цэглы, каляровага каменю і маёлікі надавала фасадам яскравую маляўнічасць. Па сваіх архітэктурна-дэкаратыўных прыёмах (парадковая кладка сцен, мноства галаснікоў, маёлікавая падлога) пабудовы Гродна маюць асабліва блізкія аналогіі ў помніках Галіцка-Валынскай зямлі.

Знакі на плінфе з Ніжняй царквы
Знакі на плінфе з Ніжняй царквы

Толькі на падлогу Ніжняй царквы пайшло не менш за 2,5 тыс. штук дэкаратыўных плітак жоўтага, зялёнага і карычневага колераў 17 фасонаў. Маёлікавы дыван перадкупальнай часткі гродзенскага храма, паводле слоў археолага М.М. Вароніна, па прыгажосці і складанасці пакуль не ведае роўных у помніках іншых абласцей ХІІ ст.

Адзін са знакаў на цэгле Барысаглебскай царквы
Адзін са знакаў на цэгле Барысаглебскай царквы

Для прыхаджанаў, большасць якіх жыла ў маленькіх, амаль неасветленых хатках (плошчай каля 12 кв.м), наведванне прасторных і па-мастацку ўпрыгожаных гарадзенскіх храмаў з іх вясёлкавымі сценамі, з таямніча зіхацеўшымі ў паўзмроку падлогамі, выразнымі і ўрачыстымі гукамі богаслужэння (дзякуючы збанам-галаснікам у сценах), несумненна, было сапраўднай падзеяй.

Ніжняя царква
Ніжняя царква

Ніжняя царква папярэднічала з’яўленню Барысаглебскай царквы. Але ў яе канструкцыі з самага пачатку быў закладзены дэфект, які і прывёў да разбурэння ад удару маланкі. Аднак і сёння ў ёй часам праходзяць набажэнствы. Так у верасні 2017 года да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання ў Ніжняй царкве быў зачытаны акафіст, напісаны Францішкам Скарынаю.

Месца раскопак на Замкавай гары
Месца раскопак на Замкавай гары
Ніжняя царква. Сучасны выгляд
Ніжняя царква. Сучасны выгляд

У матэрыяле выкарыстаны выявы з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея.