Фота з сайта nn.by

У суботу 17 лютага а 10-й у мінскай парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха на Залатой Горцы) адбудзецца перазахаванне парэштак Магдалены Радзівіл.

Мецэнатка і культурны дзеяч Марыя Магдалена Радзівіл у свой час аказвала фінансавую падтрымку выдавецтву «Загляне сонца і ў наша аконца», газеце «Беларус», шпіталям, сельскім крамам і гэтак далей. У 1917 годзе яна ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме — грошы былі перададзены айцам марыянам у Друі.

Як расказаў Catholic.by пробашч парафіі кс. Юрый Санько, урна з парэшткамі Магдалены Радзівіл будзе выстаўлена для развітання ў касцёле вечарам 16 лютага.

Паводле яго слоў, парэшткі будуць перазахаваныя ў левай частцы святыні. На тым месцы будзе ўсталявана памятная шыльда і барэльеф у гонар славутай мецэнаткі.

На ўрачыстасць прыбудуць Мацей і Міхал Радзівілы, а таксама праўнучка Магдалены Радзівіл — Марылена Замойская.