Акадэмік Радзім Гарэцкі распавёў “Народнай Волі” пра сваё знаёмства з выбітным навукоўцам Барысам Кітом.

 — Барыс Кіт толькі амаль праз 50 гадоў жыцця па-за межамі Беларусі змог прыехаць на Бацькаўшчыну, — гаворыць Радзім Гарэцкі. — Гэта здарылася ўлетку 1992 года, калі і я змог пазнаёміцца са знакамітым беларусам. Нягледзячы на яго ўжо досыць сталы ўзрост (82 гады), я ўбачыў жвавага, энергічнага, добразычлівага і абаяльнага чалавека, які загаварыў на цудоўнай беларускай мове. Мы хутка знайшлі агульныя тэмы для размовы і здавалася, што даўно знаёмыя.

Я быў уражаны яго складаным жыццёвым шляхам ад сялянскага хлопчыка да выдатнага навукоўца, педагога і грамадскага дзеяча. Здзіўляла яго жыццяўстойлівасць, мэтанакіраванасць да авалодання ведаў. Ужо вядомы навукоўца ў галіне касманаўтыкі, прафесар матэматыкі, якім ён стаў маючы толькі званне магістра філасофіі ў галіне матэматыкі, Барыс Уладзіміравіч у 73-гадовым узросце абараніў дысертацыю на навуковую ступень доктара філасофіі ў галіне матэматыкі і гісторыі навукі.

Мяне асабліва ўразіла і прываблівала яго педагагічная дзейнасць у Беларусі як настаўніка і дырэктара гімназій і школ у розныя складаныя часы – і пры паляках, і пры Саветах, і пры немцах, калі, як ён успамінаў сам, “пры ўсіх уладах мне даводзілася сядзець у турмах за тое, што я вучыў дзяцей беларускай мове і гісторыі”. Нягледзячы на неймаверныя цяжкасці, ён заўсёды заставаўся сапраўдным патрыётам Радзімы, прыхільнікам беларушчыны, і гэтыя святыя пачуцці шчыра перадаваў сваім вучням.

У Акадэмію навук Беларусі паступілі заявы ад акадэміка Юрыя Астроўскага і прафесара Адама Мальдзіса з прапановай абраць Барыса Кіта ганаровым ці замежным членам нашай Акадэміі навук. Я, як віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук Беларусі, адказваючы за кадры, заняўся гэтай справай. Бюро Прэзідыума акадэміі якраз абмяркоўвала магчымасць зноў аднавіць такія выбары, якіх ужо не было амаль 35 гадоў. Мае намаганні не прынеслі станоўчага выніку, бо да беларусаў-эмігрантаў ваеннага часу тады яшчэ ставіліся з вялікай асцярогай, ды і нашы фізікі і матэматыкі мала ведалі працы Барыса Кіта.

Асамблея Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Б.Кіт, А.Мальдзіс, В.Сіўчык, Р.Гарэцкі – у акадэмічных мантыях. 23 верасня 1994 г.
Асамблея Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Б.Кіт, А.Мальдзіс, В.Сіўчык, Р.Гарэцкі – у акадэмічных мантыях. 23 верасня 1994 г.

Зноў мы сустрэліся з Барысам Кітам у верасні 1994 года на Генеральнай асамблеі Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі ў Мінску, калі мы, заснавальнікі акадэміі, ва ўрачыстых абставінах аднагалосна абралі нашага славутага земляка членам акадэміі і яе віцэ-прэзідэнтам. У першую палову 90-х гадоў адбылося выбуховае прызнанне Барыса Кіта як выдатнага навукоўца ў галіне астранаўтыкі і матэматыкі і грамадскага дзеяча, гонара беларускага народа. Ён быў абраны акадэмікам Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі (Парыж, 1994 г.), ганаровым  доктарам навук  Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы  (1994 г.), узнагароджаны залатым медалём Германа Обэрта і Вернера фон Браўна (ФРГ) за ўклад у развіццё астранаўтыкі і інш. З’явілася шмат публікацый пра яго жыццё і дзейнасць, асабліва поўныя ўспаміны – у Лідзіі Савік. Аповеды Барыса Кіта ў 2001 годдзе запісаў Васіль Быкаў пад назвай “Цярновы шлях”.

У 2000 годзе ён быў абраны ганаровым старшынёй “Рабочай групы Беларуска-Нямецкіх спатканняў”, якая была заснавана пры Свабодным універсітэце Берліна і ўстанавіла прэміі Барыса Кіта для ўзнагароджання найбольш актыўных дзеячоў беларускай культуры нацыянальнага адраджэння. Такая прэмія ў 2004 годзе стала для мяне адной з самых прыкметных і дарагіх.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” разам з Нацыянальным навукова-асветніцкім цэнтрам імя Францыска Скарыны вельмі цёпла, урачыста і ўзнёсла адзначылі юбілейныя даты Барыса Кіта – 85-годдзе, 90-годдзе, 95-годдзе і 100 гадоў з дня яго нараджэння. На жаль, у сувязі са зменай палітычнай сітуацыі ў Беларусі, а пазней і станам здароўя, Барыс Кіт не змог прыехаць і прысутнічаць на гэтых урачыстасцях.

2 лютага 2017 года прыйшла вельмі цяжкая вестка, што пакінуў свет Барыс Кіт, не дажыўшы да 108 гадоў (6 красавіка) трохі больш 2 месяцаў, але імя Вялікага Беларуса будзе жыць вечна ў гісторыі сусветнай навукі, а яго вера ў нацыянальную беларускую ідэю, яго любоў да Бацькаўшчыны будзе натхняць ўсіх сапраўдных беларусаў на змаганне за нацыянальнае адраджэнне і пабудову незалежнай багатай еўрапейскай дзяржавы – вольнай Беларусі!