Помнік на Кастрычніцкай. Фота TUT.by
Помнік на Кастрычніцкай. Фота TUT.by

Прэм’ерныя паказы спектакля «11 красавіка», які заснаваны на гісторыях людзей, што пацярпелі ў выніку тэракта ў мінскім метро вясной 2011 года, пройдуць 3 і 4 лютага ў мінскай арт-прасторы «Верх».

Спектакль падрыхтавала «Лабараторыя сацыяльнага тэатра», якую стварылі ў 2016 годзе рэжысёр Валянціна Мароз і драматург Канстанцін Сцешык. Яны ставяць дакументальныя спектаклі разам са студэнтамі і выпускнікамі канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» нефармальнага Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі .

Восенню мінулага года на краўдфандынгавай пляцоўцы Ulej.by была запушчана кампанія па зборы сродкаў на пастаноўку «11 красавіка». Праект падтрымалі 136 чалавек, ахвяраваўшы 2.880 рублёў.

«У верасні 2016 года мы звярнуліся ў часопіс «Имена» па кантакты пацярпелых, — расказала БелаПАНу Валянціна Мароз. — Іх першы выпуск якраз быў прысвечаны людзям, якія пацярпелі ад тэракта ў мінскім метро. Пасля гэтага пачалі назапашваць матэрыял — сведчанні людзей. Мы сабралі першапачатковы тэкст, пасля чаго 11 красавіка 2017 года правялі прэзентацыю праекта. Рэпеціравалі спектакль дзесьці паўгода».

Часткай спектакля з’яўляецца відэаінтэрв’ю прахожых на вуліцах Мінска, у якіх пыталіся, «што яны думаюць пра тое, што здарылася, ці лічаць патрэбным успамінаць трагедыю і, калі так, як пра яе гаварыць». Гэтыя ж пытанні аўтары пастаноўкі зададуць гледачам. «Пасля спектакля мы наладзім сур’ёзнае абмеркаванне. Нам важна зрабіць гэта, таму што ў найноўшай гісторыі нашай краіны ёсць падзеі, якія ніяк не асэнсоўваюцца і не прагаворваюцца, і траўма ад іх назапашваецца ў пакаленнях», — падкрэсліла суразмоўца.

Паводле слоў рэжысёра, квіткі на прэм’ерныя паказы атрымалі 200 гледачоў, пераважна тыя, хто ўдзельнічаў у фінансаванні пастаноўкі. «Нам тэлефануюць людзі, якія хочуць трапіць на спектакль, але мы вымушаны адмаўляць, таму што адзін паказ не разлічаны больш чым на сотню чалавек. Такая цікавасць кажа пра тое, што спектакль у перспектыве трэба будзе іграць яшчэ і яшчэ», — падсумавала рэжысёр.

Тэракт на станцыі «Кастрычніцкая» Мінскага метрапалітэна быў учынены 11 красавіка 2011 года ў 17.56. У выніку выбуху загінулі 15 чалавек, 315 — пацярпелі, з іх цяжкія цялесныя пашкоджанні атрымалі 32 чалавекі. У памяць пра ахвяр трагедыі каля выхаду з падземнага пераходу на станцыі «Кастрычніцкая» ўстанавілі мемарыяльны знак «Рака памяці».

Вінаватымі ў тэракце прызналі 25-гадовых ўраджэнцаў Віцебска Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва. Абодва былі пакараныя смерцю.