Ілюстрацыйнае фота з сайта Vimeo

Заўтра, 3 лютага ў Мінску распачынаецца акцыя, прымеркаваная да стогадовага юбілея з дня абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Плануецца, што ад заўтрашняга дня да 24 сакавіка беларускія дэмакратычныя актывісты і неабыякавыя грамадзяне штодня будуць выходзіць на галоўны праспект беларускай сталіцы, каб сфатагравацца і стварыць святочны настрой.

— Мы вырашылі распачаць гэту акцыю роўна за 50 дзен да 25 сакавіка, — распавядае “Народнай Волі” адзін з ініцыятараў правядзення “Сэлфі незалежнасці”, сустрашыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец. — Ідэя акцыі вельмі простая: кожны дзень, роўна у 18.00 мы будзем выходзіць да канкрэтнага дома па праспекце Незалежнасці і фатаграфавацца там. Час для сэлфі незалежнасці выбраны не выпадкова – лічба 18 – знакавая для БНР. Першае сэлфі мы зробім па адрасе праспект Незалежнасці,50 – гэта будынак Белдзяржфілармоніі. На наступны дзень фотасесія пройдзе па адрасе Незалежнасці, 49 і так далей – у бок змяншэння.

Скончыцца акцыя 24 сакавіка у 18.00 на плошчы Незалежнасці. Там будзе зроблена сэлфі каля Чырвонага Касцёла.

Павел, як вядома, любое масавае мерпрыемства у нашай краіне трэба ўзгадняць з гарадскімі ўладамі. Ці звярталіся вы ў Мінарвыканкам па адпаведны дазвол?

— Не думаю, што “Сэлфі незалежнасці” можна прыроўніваць да масавага мерапрыемства. Людзі проста выйдуць сфатаграфавацца. Ніякіх палітычных лозунгаў гучаць не будзе, ніякіх заклікаў, ніякіх патрабаванняў. Проста фота і нічога больш. Таму ніякага дазволу ў мінскай гарадской улады мы не бралі.

Дарэчы, “фішкай” акцыі стане тое, што ўдзел у ёй возьмуць вядомыя дзеячы беларускай культуры. Хто канкрэтна? Пакуль гэта сакрэт.