1 лютага ў Франкфурце-на-Майне на 108-ым годзе жыцця памёр вядомы беларускі дзеяч Барыс Кіт.

Апошні раз журналіст “Народнай Волі” размаўляла з ім напачатку студзеня гэтага года. Тады Барыс Уладзіміравіч быў ужо вельмі слабы і ледзь чутным голасам прашаптаў у слухаўку: “Я хварэю”…

Як распавялі сёння “Народнай Волі” сябры Барыса Кіта, некаторы час таму ён упаў і ўдарыўся галавой. Гэта падзенне вельмі падкасіла вучонага. Некалькі дзён дактары спрабавалі стабілізіраваць яго стан, але, на жаль, не атрымалася… 1 лютага раніцай Барыса Кіта не стала…

Вось кавалак з інтэрв’ю Барыса Кіта, якое мы запісвалі ў красавіку 2016 года.

– Барыс Уладзіміравіч, вы часта гаворыце пра смерць. А вам не страшна паміраць?

– Іншы раз нават вельмі хочацца. Ужо проста надакучыла мучыцца ў гэтым пакоі. Здаецца, лепш памерці…

У мяне даўно ўжо ўсё падрыхтавана да адыходу на той свет – вядома, дзе мяне пахаваюць, я аддаў належныя распараджэнні з гэтай нагоды. Засталося толькі памерці…

Мяне часта пытаюцца, чаму я так доўга жыву? Я думаю, на ўсё воля Божая. Усявышні да мяне вельмі добра ставіўся, быў побач усё маё жыццё. Ратаваў ад смерці. І даваў мне вялікія справы рабіць на свеце. Напрыклад, дзякуючы мне амерыканцы пабывалі на Месяцы. Я быў першы, хто вывучыў вадкі вадарод. Без касмічнага паліва, якое я адкрыў, Амерыка не здолела б паляцець на Месяц.

Між іншым, усё, што я зрабіў у жыцці, – гэта дзякуючы Амерыцы. Яна ў свой час мне вельмі дапамагла, прызнаўшы ўсе мае заслугі…

Вельмі шмат было цікавай працы, мне ёсць што ўспомніць…

– А ці ёсць нешта, што вы хацелі б зрабіць, але не паспелі ці не атрымалася?

– Я ўсё паспеў. І ўсё атрымалася.

Бог правёў мяне праз паветра, ваду, агонь і медныя трубы. У маім жыцці было ўсё! Я вельмі знакаміты чалавек не толькі ў Амерыцы, але і ва ўсім свеце. У мяне ёсць самыя высокія ўзнагароды і залатыя медалі Амерыкі, Германіі і Расіі. Я ні ў чым не маю патрэбы. Бог мне шмат даў, і я яму за гэта ўдзячны. У мяне мір у душы і спакой у сэрцы.

Пры гэтым я шмат разоў ужо паміраў. І ў турме, і без турмы… Прайшоў праз такія цяжкія моманты, што… Магчыма, усе гэтыя выпрабаванні загартавалі мяне жыць далей. І я шмат паспеў зрабіць…

– Вы лічыце сябе беларусам ці ўсё ж такі амерыканцам?

– Па пашпарце я амерыканец, у мяне грамадзянства ЗША. Але Беларусь люблю асаблівай любоўю. І ведаю, што цяпер беларускі народ перажывае не лепшыя часы…

З асабістай справы

Барыс Кіт – беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі.

Сям’я Кіта паходзіць з вёскі Агароднікі Навагрудскага павета (цяпер Карэліцкі раён). У 1918 годзе бацькі Кіта вярнуліся з Пецярбурга (дзе і нарадзіўся Барыс Уладзіміравіч) на Навагрудчыну. Там Барыс Кіт скончыў народную школу ў Карэлічах (1926), Навагрудскую беларускую гімназію (1928), фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта (1933). Быў двойчы арыштаваны польскімі ўладамі. З 1931 года быў выкладчыкам Віленскай беларускай гімназіі. З восені 1939 года стаў дырэктарам адроджанай гімназіі ў Навагрудку. Потым працаваў школьным інспектарам у Баранавіцкай вобласці, арганізоўваў пачатковыя і сярэднія беларускія школы.

У 1941 годзе з пачаткам нацысцкай акупацыі Беларусі, каб пазбегнуць арышту, некаторы час жыў у вёсцы Лебедзева Маладзечанскага раёна, дзе пазней настаўнічаў у мясцовай народнай школе. У 1943 годзе арганізаваў настаўніцкія семінарыі ў Маладзечне і Паставах, стаў іх дырэктарам, заснаваў Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. Пасля закрыцця гэтых навучальных устаноў у 1944 годзе Барыса Кіта арыштавала гестапа. Ад расстрэлу яго выратавалі былыя вучні. У канцы вайны Кіт эмігрыраваў у Германію, у 1945–1948 гадах вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце і адначасова выкладаў матэматыку ў мясцовых гімназіях.

З 1949 года жыў у ЗША. Спачатку прыехаў у Нью-Ёрк, але хутка пераехаў у гарадок Саўт-Рывер, дзе жыло шмат беларусаў, уладкаваўся на працу ў фармацэўтычную фірму. Пасля пераехаў у Каліфорнію. У Лос-Анджэлесе Кіт працаваў у фірме North American Aviation, дзе ажыццяўляліся касмічныя праекты: стратэгічныя ракеты Navaho, праект падарожжа чалавека на Марс Apollo, чаўночны карабель Shuttle. Першай яго навуковай працай было паспяховае даследаванне якасцяў вадкага вадароду як будучага касмічнага паліва. У 1958 годзе Барыса Кіта запрасілі ў Вашынгтон, дзе ён пачаў працаваць у Міністэрстве паветраных сіл ЗША ў аддзеле касманаўтыкі. Выконваў абавязкі эксперта ў развіцці міжнароднай касманаўтыкі, перадусім савецкай. У 1960 годзе з выхадам навукова-папулярнай кнігі «Дапаможнік па ракетным паліве» пачалася літаратурная дзейнасць Барыса Кіта. У 1964 годзе ён напісаў сваю другую кнігу «Гісторыя і сучасны стан савецкай касманаўтыкі». З 1963 года Барыс Кіт працаваў у аддзеле касманаўтыкі карпарацыі IT&T, дзе даследавалі і будавалі спадарожнікі сувязі, што з’яўлялася першым этапам у справе падрыхтоўкі падарожжа амерыканцаў на Месяц. Займаўся матэматычнай распрацоўкай сродкаў сувязі ў праектах касмічных караблёў.

З 1972 года жаў у Германіі у горадзе Франкфурт-на-Майне, дзе быў прафесарам Еўрапейскага аддзела Мэрылендскага ўніверсітэта. У 1987 годзе яму ўручылі дыплом заслужанага прафесара, а ў 1990 годзе – дыплом ганаровага прафесара. У 1991 годзе яму быў уручаны дыплом акадэміка Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Барыс Кіт з’яўляўся фундатарам многіх эміграцыйных беларускіх выданняў. Беларусь ён наведваў у 1990-я гады.