Андрэй Федарэнка: “…Гэта самы багаты, самы лепшы, самы прыгожы ганарар у маім жыцці”

0
178

Пра такіх, як Андрэй Федарэнка, цяпер кажуць: сацыяльна не актыўны. У адрозненне ад многіх сваіх калег, ён пазбягае тлумных літаратурных тусовак, не піярыцца ў сацсетках (яго ў іх папросту няма) і зусім не любіць даваць інтэрв’ю. Так і жыве: не зважаючы на чытачоў і грамадскія запыты. Больш за тое, перакананы: “калі не баяцца адстаць ад часу – літаратура робіцца даволі прыемным заняткам”.

Чалавек, імя якога – амаль што сінонім сучаснай беларускай прозы, жывы класік Андрэй Федарэнка – сённяшні госць “Народнай Волі”

– Андрэй Міхайлавіч, гэтым студзенем вам “стукнула” 54. Як адзначылі дзень нараджэння?

– Як звычайна – устаў у пяць раніцы і засеў за ноўтбук рэдагаваць. Па вялікім рахунку для чалавека кожная новая раніца – дзень нараджэння, і потым: што такое Geburtstag – усяго толькі дата нараджэння цела, якому далі імя. Але кожны чалавек, акрамя імені і цела, адчувае, што ёсць у ім нейкае безыменнае Я, якое непадуладнае часу.

– У адным са сваіх твораў вы напісалі, што ўзрост – гэта калі звычкі замяняюць шчасце. Цікава, якія словы знойдзеце для свайго цяперашняга стану? Як адчуваеце свае 54?

– Таксама, як некалі адчуваў свае пяць гадоў. Аднолькава востра пахне снег, увесну лісток бярозы такі ж клейкі, і, калі чуеш любімую музыку, тыя самыя мурашкі бегаюць па спіне. Змяняецца цела, а адчуванне сябе – можна назваць яго словам “душа” – не змяняецца, і адсюль выснова: калі цела зношваецца, а нешта пастаяннае застаецца, дык для нечага гэта ж дадзена? І, можа быць, наша цялеснае, зямное жыццё – усяго толькі першая серыя якогасць бясконцага серыяла?

– І калі ў такім выпадку адбываецца кульмінацыя гэтай “экранізацыі”? Іншымі словамі, які ўзрост для пісьменніка – залаты?

– Прыкладна ад 35 да 50 гадоў.

– Калі ўлічыць, што вам ужо трошкі за пяцьдзясят, то гучыць не вельмі аптымістычна…

– Затое ў сталасці ёсць адна вельмі істотная перавага – мала хлусіш. У маладосці, калі нешта не падабалася, дык, каб зрабіць субяседніку прыемнае, можна было схлусіць, сказаць, што падабаецца. А ў сталасці хлусіць – як багатаму красці: і сорамна, і няма патрэбы.

– Ну, добра – сталасць, маладосць. А паміж імі? Хрэстаматыйны “крызіс сярэдняга веку”?

– Гэта абсалютны міф. Некалі даўно я прачытаў, што чалавек сумуе сама больш у дзяцінстве, а наймацнейшыя крызісы перажывае ў падлеткавасці…

Чытайце інтэрв’ю цалкам 10-ым нумары газеты “Народная Воля”