Чырвоны касцёл. Фота planetabelarus.by

Пра гісторыю з’яўлення Звона Нагасакі ў Мінску “Народнай Волі” распавядае Юрый Папоў – чалавек, які 18 гадоў таму быў ініцыятарам з’яўлення гэтага ўнікальнага помніка ў цэнтры беларускай сталіцы.

Мы сустрэліся з Юрыем Мікалаевічам на прыступках Чырвонага Касцёла.

Зараз самая вядомая каталіцкая святыня Беларусі знаходзіцца на рэканструкцыі-рэстаўрацыі. Трапіць на тэрыторыю будоўлі без спецыяльнага дазволу нельга нават з Юрыем Паповым, які, дарэчы, уваходзіць у ініцыятыўную групу па стварэнні Апякунскай Рады пры Чырвоным касцёле.

— У мяне ёсць трывалае падазрэнне, што зараз пры правядзенні рэстаўрацыйных прац у Чырвоным Касцёле арганізацыі-падрадчыкі, магчыма, дапускаюць парушэнне тэхналогіі, — гаворыць Юрый. – Мы накіравалі звароты ў Мінгарвыканкам і Міністэрства культуры з просьбай прыпыніць рэстаўрацыйныя працы і тэрмінова правесці працоўную нараду з удзелам усіх зацікаўленных арганізацый і прадстаўнікоў нашай ініцыятыўнай групы. Такі ж ліст атрымала і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім. Можа быць, яна накіруе дэпутацкі запыт у адпаведныя структуры.

Як у Мінску з'явіўся звон Нагасакі
Чырвоны касцёл, люты 2018 г.

Юрый Папоў вядзе мяне леваруч ад прыступак Чырвонага Касцёла (гэта калі стаяць да яго тварам). Тут у маўклівым смутку застыў звон Нагасакі – помнік-напамін пра ахвяраў ядзерных катастроф.

Як у Мінску з'явіўся звон Нагасакі
Юрый Папоў каля Звона Нагасакі. Мінск, студзень 2018 г.

— У гады майго дэпутацтва ў Вярхоўным Савеце 12-га склікання я быў намеснікам старшыні камісіі па нацыянальнай бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю. Таму дакладна ведаю: на той момант у спадчыну ад Савецкага Саюза Беларусі дастаўся магутны арсенал ядзернай зброі… І, дзякуй Богу, нам з 1990-па 1996-ы гады цалкам удалося вывезці ядзерную зброю з тэрыторыі суверэннай Беларусі.

У свой час я каардынаваў парламенцкія сувязі беларускіх дэпутатаў з калегамі з Паўночнаатлантычнай асамблеі. Каб вы разумелі: гэта не натаўская арганізацыя з вайсковымі задачамі – гэта чыста парламенцкая група, якая прадстаўляла інтарэсы вайсковых структур НАТА. Я быў шчыльна звязаны з вайсковай тэматыкай, з пытаннем ядзернай зброі.

Лёс звёў мяне з японкай Якосікай Тосіка, якая ўсё жыццё займалася супрацьдзеяннем распаўсюду ядзернай зброі па ўсім свеце. З яе падачы і ўзнікла ідэя ўсталяваць у Мінску гэты мемарыяльны звон.

— Як адбывалася рэалізацыя праекту?

— Нагадаю з гісторыі: 9 жніўня 1945 года на японскі горад Нагасакі была скінута атамная бомба “Толстяк” — 21 кілатоны ў трацілавым эквіваленце. Гэта была другая ядзерная бамбардзіроўка Японіі, пасля Хірасімы.

У выніку ў Нагасакі было знішчана шмат будынкаў: былі зруйнаваны жылыя дамы, завод “Сузукі”, быў знесены і каталіцкі храм Уракамі. Гэты храм па стылі і архітэктуры падобны на мінскі кафедральны сабор на плошчы Свабоды – дзве вежы, два званы. Адзін са званоў японскага храма Уракамі раскалоўся пры падзенні, а другі звон уцалеў, патрапіўшы ў балота. Ён захаваўся і па нашы дні: з 24 па 25 снежня 1945-га японскія святары-католікі паднялі гэты звон і замацавалі на канаце. Так над далінай Уракамі зноў пацёк перазвон…

Як у Мінску з'явіўся звон Нагасакі
Сабор Уракамі ў 1945-ым і сёння

Ідэя Якосікі Тосіка падалася мне вельмі дарэчнай, і мы вырашылі паставіць у Мінску дакладную копію звона з Нагасакі.

У Мінск прыехаў архітэктар з Японіі. Ён паглядзеў на Чырвоны Касцёл і знайшоў архітэктурнае рашэнне для помніка. Мінскі звон Нагасакі трымаецца на пікападобных сценах. Дарэчы, сцены гэтага помніка мы вырашылі рабіць не з цэглы, спыніліся на дрэве. Сама канструкцыя была выраблена на Гомельскім заводзе будаўнічых канструкцый, а сам звон быў адліты на заводзе ацяпляльнага абсталявання ў Мінску.

Колькі каштавала праца? Дорага. Дакладную лічбу ведаю, але не скажу.

Скажу, што наш, мінскі звон, мае “братоў” па ўсім свеце – адзін з іх знаходзіцца на бульвары акадэміка Сахарава ў Санкт-Пецярбургу, другі ў штаце Вашынгтон у ЗША, яшчэ адзін на Гаваях, яшчэ адзін у Хірасіме і яшчэ адзін у Швейцарыі.

— А ў чым унікальнасць мінскага звона Нагасакі?

— У тым, што ў падмурку беларускага звона Нагасакі ляжыць пліта. А пад ёй —  капсулы з зямлёй. З зямлёй тых месцаў і гарадоў, дзе праходзілі выпрабаванні ядзернай зброі і дзе адбыліся тэхнагенныя ядзерныя катастрофы.

Мы прывезлі сюды скол зямлі з Новай Зямлі. Там у свой час быў буйны ядзерны палігон. Ёсць тут і зямля з Сяміпалацінска, што ў Казахстане. Адзначу, што дзеючы прэзідэнт гэтай краіны Нурсултан Назарбаеў яшчэ ў 1991-м, з’яўляючыся старшынёй кампартыі Казахстана, выдаў пастанову аб тым, што гэта краіна прыпыняе ўсю працу на ядзерным палігоне ў Сяміпалацінску. Дарэчы, па магутнасці ядзернага патэнцыялу Казахстан у свой час займаў чацвёртае месца ў свеце.

У жалезных капсулах пад плітой ёсць капсулы з зямлёй і з Хірасімы і Нагасакі, і з украінскай Прыпяці.

Ёсць пад гэтай плітой і беларуская зямля. Яе прыслалі мне былыя жыхары вёскі Грушаўка Гомельскай вобласці. Гэты населены пункт быў цалкам забруджаны радыяцыяй – яго жыхары адселены. Зямлю ў Мінск перадалі старэнькія бабулькі. Самі яны прыехць на закладку гэтай зямлі не змаглі – у пажылых людзей не было грошай на аўтобусны квіток…

Таму мяшэчак з зямлёй дастаўся мне разам з запіскай-наказам ад іх: “Вы яе пасыпце ля звона, каб ён званіў па нашых душах…” Мяне іх словы настолькі кранулі, што пазней тут, на гэтым помніку, з’явілася шыльда з гэтым надпісам.

Як у Мінску з'явіўся звон Нагасакі
Шыльда каля Звона Нагасакі

—  Юрый Мікалаевіч, а зямля, прывезенная сюды з месцаў, дзе адбываліся ядзерныя выпрабаванні, бяспечная?

— Так. Усё абсалютна бяспечна. У мяне ёсць сертыфікаты аб тым, што прывезены і закладзены пад пліту звона Нагасакі грунт ніякім чынам не шкодзіць наваколлю.

Гэты памятнік быў адкрыты ў Мінску ў 2000-ым годзе. Чаму менавіта тут, ля Чырвонага Касцёла? Я і не бачыў іншага месца для яго з’яўлення. Храм Уракамі ў Японіі – каталіцкі, таму і помнік Нагасакі мог быць адкрыты ў Беларусі толькі побач з каталіцкай святыняй. І нідзе інакш.

Вось ужо 18-ы год я з’яўляюся захавальнікам гэтага звона. Рэгулярна прыходжу сюды…

Важна, каб усе мы помнілі пра трагедыю ў Хірасіме і Нагасакі — каб такое больш не паўтарылася ніколі.

Фота аўтара.

Фота застаўкі: planetabelarus.by