У мінулым годзе за карупцыйныя дзеянні асудзілі 694 чалавекі, што на 22% больш, чым у 2016 годзе, сведчаць дадзеныя, прадстаўленыя прэс-службай Вярхоўнага суда.

Вінаватымі ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі прызналі 240 чалавек, у атрыманні хабару — 154, у дачы хабару — 126, у злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі — 108, у перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў — 34 чалавекі.

Да пазбаўлення волі на розныя тэрміны прыгаварылі 307 чалавек, маёмасць канфіскавалі ў 246 асуджаных карупцыянераў. 39 асоб былі пазбаўлены права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання, яшчэ 452 грамадзянам гэта пакаранне прызначылі як дадатковае.

Штраф у якасці асноўнага альбо дадатковага пакарання за карупцыйныя дзеянні атрымалі 137 грамадзян.

Дзевяць карупцыянераў пазбавілі воінскага або спецыяльнага звання.